«Следчы на раёне — «універсальны салдат»

387

З акна кабінета Артура Гайдаржы краявід адкрываецца цудоўны — унізе маляўніча раскінулася возера Мястра. «Так, від прыгожы, але глядзець няма калі», — усміхаецца старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

«Следчы на раёне — «універсальны салдат»Артур Гайдаржы не так даўно працуе ў райаддзеле: чатыры гады. Але і за гэты час пэўныя дасягненні мае: прызнаваўся лепшым маладым следчым па вобласці за 2016 год, атрымліваў падзякі ад кіраўніцтва ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці ды і па кар’ернай лесвіцы вырас.
— Напачатку раскажыце крыху пра сябе.
— Нарадзіўся ў 1993 годзе ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці. Неўзабаве бацькі пераехалі ў курортны пасёлак Нарач. Тут у садок хадзіў. У 2010 годзе закончыў Нарацкую сярэднюю школу №2 і паступіў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў на следча-экспертны факультэт. У 2015-м па размеркаванні прыехаў у райаддзел на пасаду следчага. З лета мінулага года — старшы следчы, з лета 2019-га — капітан юстыцыі.
— Як сабе прафесію выбіралі?
— Я паступаў на такі факультэт, каб працаваць менавіта следчым. Гэта была мара з дзяцінства. Заўсёды хацелася людзям дапамагаць, каб усё было па справядлівасці.
— Якімі выдаліся першыя працоўныя месяцы?
— Паколькі пражыў у казарме пяць год, тое, што затрымліваўся на службе, не спужала — падабалася, цікава было. І прывык ужо да гэтай працы.
— Ахарактарызуйце яе. Якая ваша праца?
— Адказная, патрабуе шмат увагі да многіх рэчаў. Да ўсяго патрэбна падыходзіць уважліва, умець працаваць з рознымі катэгорыямі асоб. У асноўным расследую злачынствы супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, супраць уласнасці, супраць грамадскага парадку i грамадскай маральнасці, супраць здароўя насельнiцтва, справы, звязаныя з абаротам наркотыкаў, незаконнай рыбалкай і паляваннем. Праводжу праверкі па смерцях і цялесных пашкоджаннях грамадзян. Увогуле, даводзіцца расследаваць усе катэгорыі спраў, бо следчы на раёне — «універсальны салдат». У кожнага следчага ёсць дзяжурствы ў следча-аператыўнай групе — і днём, і ноччу выязджаем па паведамленнях, якія паступаюць. Прымаю рашэнні згодна з нормамі крымінальна-працэсуальнага кодэксу: узбуджэнне крымінальнай справы альбо адмова ва ўзбуджэнні і гэтак далей. Самае галоўнае — не давяраць безаглядна словам. Кожная версія павінна правярацца, крымiнальная справа грунтуецца на фактах, доказах. Следчы павінен быць уважлівым. І сіла духу патрэбная.
— Ці такой уяўлялася праца следчага пры паступленні ў Акадэмію МУС?
— Не зусім. Бачылася, што будзеш больш з людзьмі працаваць, размаўляць, а ў рэальнасці вельмі шмат часу праводзіш за паперамі, усе дзеянні трэба занатоўваць, бо кожнае слова важнае.
— Што самае цяжкае?
— Тое, што мала часу праводзіш з сям’ёй. Гэта не тая праца, калі вяртаешся ў пяць ці шэсць гадзін вечара дадому. Часта позна вечарам, ноччу прыязджаеш — жонка ўжо спіць. Але яна ўжо прывыкла да маёй працы. А рэдкія выхадныя праводжу з сям’ёй. Люблю ў лазню, басейн схадзіць, часам з жонкай на веласіпедах катаемся.
— Што можаце сказаць аб супрацоўніках калектыву?
— Сярод нас толькі адказныя і працавітыя людзі, і кожны заслугоўвае шчырых слоў падзякі за сумленную працу і вернасць абранай прафесіі.

Гутарыў Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.