Самагонаварэнне караецца строга

153
Самагонаварэнне караецца строгаНе зважаючы на актыўную барацьбу праваахоўных органаў з незаконным вырабам, захоўваннем і рэалізацыяй спіртаўтрымліваючай вадкасці, у тым ліку дамашняга прыгатавання, ёсць яшчэ адпаведная катэгорыя грамадзян, якая да цяперашняга часу займаецца гэтым відам дзейнасці. Усяго за два месяцы бягучага года супрацоўнікамі РАУС зафіксаваны 24 факты захоўвання самагону, прадуктаў для яго вырабу, апаратаў для яго вытворчасці альбо кантрафактнага алкаголю.
11 студзеня 2016 года супрацоўнікі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю РАУС сумесна з супрацоўнікамі Мядзельскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь пры правядзенні рэйдавых мерапрыемстваў выявілі факты захоўвання  ў жыхара раёна 111,6 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці, а таксама 58 новых этыкетак віна пладовага мацаванага “Іюлія” УП “Ілаўскае” і скрынкі з кардону, запоўненай поліэтыленавымі віннымі коркамі.
Таксама ў лютым бягучага года на аўтадарозе  непадалёку ад вёскі Слабада супрацоўнікамі АДАІ РАУС была спынена аўтамашына, у якой жыхарка нашага раёна  перавозіла 75 літраў самагону.
Паважаныя грамадзяне! Набываючы “левы” алкаголь, вы падвяргаеце свае жыццё і здароўе небяспецы. Вельмі часта для патаннення  кошту падобнай прадукцыі ў якасці сыравіны могуць выступаць небяспечныя прадукты і вадкасці. Дадзеная прадукцыя не праходзіць санітарных праверак і кантролю якасці.
У кругласутачным рэжыме арганізавана работа супрацоўнікаў міліцыі па праверцы інфармацыі, якая паступае  на тэлефоны РАУС: 102, 55-4-71, аб месцазнаходжанні ў лясных масівах і жылой забудове самагонных апаратаў, а таксама аб “самагонных кропках”. Можна звярнуцца і па тэлефоне “гарачай лініі” 8 017 204-63-80 і ў рабочы час па нумарах: 50-6-75 і 55-5-05.
Акрамя таго, напамінаем, што за самагонаварэнне, выраб альбо набыццё гатовага самагону таксама, як і сыравіны для яго вытворчасці, прадугледжана пакаранне ў адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 12.43. Выраб альбо набыццё моцных алкагольных напіткаў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), захоўванне апаратаў для іх вырабу.
1. Выраб фізічнымі асобамі моцных алкагольных напіткаў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), а таксама захоўванне  апаратаў, якія выкарыстоўваюцца для іх вырабу, — цягнуць папярэджанне альбо накладанне штрафу ў размеры да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй указаных напіткаў, паўфабрыкатаў, апаратаў.
2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу  аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, ці выраб  альбо захоўванне фізічнымі асобамі моцных алкагольных напіткаў (самагону) больш пяці літраў, паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі) больш трыццаці літраў — цягнуць накладанне штрафу ў размеры ад пяці да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй указаных вышэй напіткаў, паўфабрыкатаў і апаратаў.
3.  Набыццё моцных алкагольных напіткаў (самагону), за выключэннем тых, продаж якіх дазволены заканадаўствам, а таксама набыццё паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі) — цягнуць папярэджанне альбо накладанне штрафу ў размеры да пяці базавых велічынь з канфіскацыяй указаных напіткаў. Заўвага: пад моцнымі алкагольнымі напіткамі (самагонам) у гэтым артыкуле разумеюцца  алкагольныя напіткі з аб’ёмнай доляй этылавага спірту 28 і больш працэнтаў, вырабленыя фізічнымі асобамі шляхам зброджвання сыравіны і наступнай перагонкі.
Ю. ЖАЛУБОЎСКІ.
Намеснік начальніка РАУС -начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, падпалкоўнік міліцыі.