Разглядае ваенная пракуратура

235

Разглядае ваенная пракуратураЗАРАЗ крымінальныя справы ў адносінах да прызыўнікоў Мядзельскага раёна аб злачынствах, прадугледжаных артыкулам 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на ваенную службу”, разглядаюцца Барысаўскім міжгарнізонным судом. Абавязак па падтрыманні дзяржаўнага абвінавачвання па такіх справах ускладзены на ваенных пракурораў.

У першым квартале намі падтрымана дзяржаўнае абвінавачванне па пяці крымінальных справах аб злачынствах, звязаных з ухіленнем ад мерапрыемстваў прызыву на ваенную службу. Па выніках разгляду трох крымінальных спраў “ухілістам” судом назначана пакаранне ў выглядзе штрафу ў размеры ад 12 да 15 мільёнаў рублёў. Па дзвюх — у выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Напрыклад, 14 лютага 2013 года да штрафу ў размеры 12 мільёнаў рублёў асуджаны прызыўнік Л., які ў перыяд прызыву на ваенную службу 5, 29 сакавіка і 28 мая 2012 года без уважлівай прычыны не з’явіўся ў ваенны камісарыят для праходжання медыцынскага агляду. Прычыны няяўкі Л. патлумачыў тым, што вырашыў не праходзіць медыцынскі агляд і не прызывацца на ваенную службу.

За здзяйсненне аналагічнага злачынства 5 сакавіка 2013 года асуджаны прызыўнік С. да абмежавання волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Грамадзянін С. у перыяд прызыву на тэрміновую ваенную службу не з’явіўся для праходжання медыцынскага агляду па павестцы ў ваенны камісарыят без уважлівай на тое прычыны. На судовым пасяджэнні С. патлумачыў, што асабіста атрымаў пад роспіс павестку. Аднак у вызначаны час у ваенкамат не прыбыў. На той момант яму споўнілася 25 гадоў, і менавіта па гэтай прычыне ён не хацеў служыць у арміі.

Многім прызначанае судом пакаранне пакажацца занадта строгім. Маўляў, што тут такога — проста не прыйшоў юнак своечасова на прызыўны ўчастак. Аднак артыкул 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб воінскім абавязку і ваеннай службе” вызначае дакладны пералік уважлівых прычын няяўкі па павестцы альбо накіраванні ваеннага камісарыята, пры наяўнасці якіх крымінальная адказнасць не наступае. Да іх адносяцца: калецтва (раненне, траўма, кантузія) ці захворванне грама¬дзяніна, звязаныя са стратай ім працаздольнасці; цяжкі стан здароўя бацькі, маці, айчыма, мачахі, жонкі, мужа, сына, дачкі, родных брата ці сястры, дзядулі, бабулі, апекуна альбо ўдзел у пахаванні названых асоб; перашкода, узнікшая ў выніку дзеяння неадольнай сілы, ці іншыя абставіны, якія не залежаць ад волі грамадзяніна; іншыя прычыны, прызнаныя ўважлівымі прызыўной камісіяй (ваенным камісарам) ці судом. Прычыны няяўкі павінны быць пацверджаны дакументамі адпаведных органаў. Пры адсутнасці такіх прычын прадугледжана адказнасць па артыкуле 435 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь аж да пазбаўлення волі тэрмінам да 5 гадоў. Разам з тым, хачу нагадаць, што ў адпаведнасці з артыкулам 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абарона сваёй Айчыны — свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна.

М. БЫЧОК.

Барысаўскі міжгарнізонны ваенны пракурор, палкоўнік юстыцыі.