На возеры Нарач патанулі двое мужчын, аднаго выратавалі

3932

18 мая пасля 15 гадзін у аператыўна-дзяжурную службу Мядзельскага РАУС паступіла паведамленне з выратавальнай станцыі «Нарач» аб тым, што ў возеры Нарач паблізу вёскі Наносы патанулі двое мужчын: жыхары Мінска і курортнага пасёлка Нарач (1996 і 1958 гадоў нараджэння). Яшчэ аднаго, 51-гадовага мінчаніна, выратавалі.

Устаноўлена, што мужчыны выйшлі на акваторыю возера Нарач на лодцы «Днепр» вучэбна-навуковага цэнтра «Нарачанская біялагічная станцыя імя Г. Г. Вінберга» БДУ для зняцця гідраэкалагічнай устаноўкі.

У 15 гадзін 15 хвілін супрацоўнікі выратавальнай станцыі «Нарач» на адлегласці 2,4 кіламетра ад берага знайшлі гэту лодку з бензінавым рухавіком затопленай. Насавая частка лодкі знаходзілася на паверхні вады, за яе трымаўся чалавек. Яго выратавалі, мужчына шпіталізаваны.

Таксама выратавальнікі дасталі з вады целы двух мужчын.

Паводле інфармацыі РАУС.

Фота ілюстрацыйнае, kg.ua