Лепшы цюнінг для машын — устаноўка зімовых шын!

419

ПАД такой назвай па 4 снежня праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя. Гэтай тэме прысвячаўся і адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі вобласці выявілі за перыяд з 1 снежня 2018-га па 1 сакавіка 2019 года 1092 выпадкі невыкарыстання зімовых шын. У рамках прафілактычных мерапрыемстваў супрацоўнікі ДАІ сумесна з зацікаўленымі службамі праводзяць растлумачальную работу ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый. Расказваюць пра магчымыя (з улікам уздзеяння сезоннага фактара) пагрозы бяспецы. Вядзецца, вядома, размова і пра неабходнасць выкарыстання зімовых шын, а таксама пра адміністрацыйную адказнасць, прадугледжаную за названае парушэнне.

Нагадваем, што пры ўдзеле ў дарожным руху ў перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка згодна з пунктам 207-1 ПДР аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5-ці тон павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Яны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінны мець астаткавую вышыню малюнка пратэктара не менш за 4 мм. У якасці зімовых будуць прымацца шыны, маркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі са сняжынкай унутры яе альбо знакамі “M+S”, “M&S”, “M.S”, “M S” альбо “All seasons”.

Невыкарыстанне на транспартным сродку зімовых шын у адпаведнасці з часткай 5 артыкула 18.22 (іншыя парушэнні Правілаў дарожнага руху) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і вя­дзе да папярэджання ці накладання штрафу ў памеры да паловы базавай велічыні.

У выпадку, калі на транспартным сродку ўстаноўлены зімовыя шыны, але астаткавая вышыня малюнка пратэктара складае менш за 4 мм, адказнасць наступае па частцы 3 артыкула 18.12 (кіраванне транспартным сродкам, які мае няспраўнасці) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. А гэта папярэджанне ці штраф у памеры да адной базавай велічыні.

Правапарушэнні, адказнасць за якія прадугледжана часткай 3 артыкула 18.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, учыненыя на працягу года паўторна, ужо будуць кваліфікавацца па частцы 9 артыкула 18.12 названага Кодэкса. У гэтым выпадку і адказнасць чакаецца іншая — штраф ад дзвюх да пяці базавых велічынь.
Вядома ж, поўнасцю спадзявацца на тое, што зімовыя шыны прадухіляць дарожна-транспартнае здарэнне, няправільна. Аднак не трэба забываць, што аўтамабіль на такіх шынах пры ўмове захавання вадзіцелямі бяспечнага хуткаснага рэжыму больш устойлівы і лепш “трымае” дарогу.

Акрамя пераўстаноўкі шын, кіроўцы транспартных сродкаў перад халадамі павінны пераканацца, што ў спраўным стане тармазы, працуюць абагравальнікі шкла, “дворнікі”. Трэба праверыць узровень антыфрызу і заліць у бачок вадкасць, якая пры мінусавой тэмпературы не замярзае. Нядрэнна было б апрацаваць сіліконавай змазкай замкі і завесы дзвярэй, капота, багажніка. Звярнуць увагу на стан запаскі, дамкрата, буксіровачнага троса. Калі няўпэўнены ў спраўнасці акумулятара, яго патрэбна замяніць. А каб у вя­лікія маразы не стварыў у дарозе праблем рухавік, неабходна своечасова памяняць паліўны фільтр (асабліва, калі аўтамабіль працуе на дызельным паліве).

Важна!
— летнія шыны пры мінусавой тэмпературы неэфектыўныя, а таму аўтамабіль можа паводзіць сябе непрадказальна;
— у галалёд тармазны шлях павялічваецца ў некалькі разоў;
— неабходна перыядычна правяраць спраўнасць тармазной сістэмы і рулявога кіравання;
— зношаны пратэктар шын пакідае мала шанцаў на зімовай дарозе;
— вадзіцелям трэба выбіраць карэктную хуткасць руху і правільную дыстанцыю.

А. БАРОДЗІЧ.
Старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС.