Дарослае дзяцінства (альбо Дзе шукаць вінаватага?)

196

Дарослае дзяцінства (альбо Дзе шукаць вінаватага?)БЫЦЬ пабочным назіральнікам найпрасцей — галава па чужых памылках, як правіла, не баліць. За рэдкім выключэннем: калі з дарогі збіваюцца дзеці…

У канцы кастрычніка, якраз падчас канікулаў, двое непаўналетніх слабадчан “засвяціліся” ў кампаніі нецвярозых дарослых. Апошнія святкавалі дзень нараджэння і прапанавалі школьнікам выпіць за здароўе імянінніка. Тыя не адмовілі — здароўе, як кажуць, гэта святое. “Карпаратыўчык” ла­дзіўся на прыпынку грамадскага транспарта, а цемра (дзея адбывалася каля адзінаццатай гадзіны вечара) бяздоказна павінна была схаваць твары ўсіх шасці герояў…  Ды толькі ў абставінаў на гэты дзень былі іншыя планы. У 22.50 да месца святкавання пад’ехала міліцыя. І далей — усё па пратаколе: хто, што, дзе, з кім. Як высветлілася пазней, хлопцы між сабой былі добра знаёмыя і нават сябравалі. Як-ніяк блізкія па ўзросце. Ды толькі тая ж розніца ў год-другі і сыграла злы жарт: дасягнуўшыя паўналецця спакушальнікі “заплацілі” за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы і прыцягненне да антыграмадскіх паводзін непаўналетніх (пры гэтым, добра ведалі “нюансы” свайго ўзросту). Меншыя панеслі адказнасць за несвоечасовую даросласць. Сумна, але ўсё часцей стаўшыя на крыло маладыя людзі падразаюць іх жа сваім малодшым таварышам. І яшчэ больш балюча — калі падножкі ставяць… прадаўцы ў магазінах — кожнай прададзенай непаўналетняму бутэлькай алкаголю.

І ўсё ж шалапутнаму юнацтву, як мне здаецца, можна дараваць многае. А вось дзе былі бацькі слабодскіх вучняў у той час, калі іх сыночкі-гарэзы па-даросламу бавілі вольны час? Наў­рад ці верылі ў лепшае і шчыра спа­дзяваліся, быццам малыя дыхаюць паветрам, харчуюць стомлены ад навук мозг гаючым кіслародам? Думалі, нідзе не дзенуцца, да хаты дарогу знойдуць, а ў школу назаўтра ўсё роўна не трэба. Пры гэтым, мабыць, яшчэ наракалі на арганізацыю масава-культурнай работы ў вёсцы, пазакласную дзейнасць школы… Ды самі таго не ўсведамлялі, што спіхвалі ўласных дзяцей на чужыя плечы, а самае страшнае — збівалі са шляху патухлым маячком, у які даўно ператварыліся ўжо самі. Не, я ні ў якім разе не спрабую павесіць усіх зайцоў на татаў і матуль. Але шчыра лічу, што наймацнейшы стымул — гэта бацькоўская любоў. Толькі яна, адданая і ўсёдаравальная, здольна ствараць цуды: ставіць на шлях праўды, прымушаць брацца за розум. Пры гэтым, вядома ж, нельга здымаць адказнасці з той жа школы і мясцовай улады: магчыма, было б не лішнім падчас канікулаў арганізаваць забаўляльную праграму, каб школьнікаў не цягнула на прыгоды… Але ізноў вярнуся: нават самы ціхі і нічым не прыкметны вечар у здаровай сям’і па колькасці станоўчых эмоцый здольны замяніць падлетку і шумную кампанію, і сяброў-спакушальнікаў. Будзь тое ў “забітай” вёсцы, ці “прадвінутым” горадзе.

Юлія КАЗЛОВА.