Браканьерства давяло да турмы

764

Судом раёна разгледжана крымінальная справа па абвінавачванні 31-гадовага жыхара г. п. Свір ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 4 артыкула 281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. А гэта незаконная здабыча рыбы, якая прывяла да нанясення ўрону ў асабліва буйным памеры.

Абвінавачваны ў канцы ліпеня, парушаючы правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, устанавіў на возеры Мядзел 107 самаробных донных вудачак (калабашак). І такім чынам незаконна здабыў 7 асобін вугра. Урон, нанесены дзяржаве, склаў 525 базавых велічынь, ці 13387,5 рубля. Сваю віну мужчына прызнаў поўнасцю.

Суд пры назначэнні віду і меры пакарання ўлічыў, што злачынства накіравана супраць грамадства і дзяржавы ў сферы аховы прыродных рэсурсаў. Гэта значыць, дзеянні абвінавачванага  былі матываваны імкненнем задаволіць свае асабістыя патрэбы, што негатыўна адбілася на грамадскіх інтарэсах. Была прынята пад увагу і тая акалічнасць, што мужчына  і раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за незаконную здабычу рыбы, а таксама неаднаразова да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Пры вынясенні прысуду ўлічана і тое, што абвінавачваны не кампенсаваў урон, учынены дзяржаве незаконнай здабычай рыбы.

Зыходзячы з вышэй сказанага, суд раёна па частцы  4 артыкула 281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначыў абвінавачванаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год і тры месяцы з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 150-ці базавых велічынь (3825 рублёў). Таксама з яго спагнаны ў даход дзяржавы нанесены ўрон за незаконную здабычу рыбы ў суме 13387,5 рубля і дзяржаўная пошліна ў памеры 669,38 рубля.

Мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе заменена ў зале судовага пасяджэння на заключэнне пад варту. Прысуд уступіў у законную сілу.

А. ГАВЕТА.

Намеснік пракурора раёна, малодшы саветнік юстыцыі.