4000 рублёў і шакаладка. Такім аказаўся памер “падзякі”, які прывёў службовую асобу на лаву падсудных

790

Суд раёна разгледзеў крымінальную справу па абвінавачанні работніцы дзяржаўнага прадпрыемства (на момант здзяйснення злачынства яна была там намеснікам дырэктара).

Заслуханы паказанні абвінавачанай і сведкаў. Карціна вымалявалася наступная. Падзеі адбываліся летась. У чэрвені дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства паклікаў свайго намесніка (будучую фігурантку справы) і яе падначаленую. Расказаў, што з рэспубліканскага бюджэту выдзяляюцца сродкі на набыццё неабходнага абсталявання, і прапанаваў паведаміць, што менавіта патрэбна. Намеснік дырэктара параіла купіць дзве адзінкі абсталявання пэўнай мадэлі, якое на спецыялізаванай выставе прапаноўвала прыватная фірма (на судзе жанчына сцвярджала, што ніхто з фірмы загадзя яе пра гэта не прасіў. Проста, па водгуках, абсталяванне добра сябе зарэкамендавала).

 

 

Дырэктар даручыў скласці тэхніка-эканамічнае заданне для правядзення закупкі, і намеснік дырэктара дала падначаленай для гэтай мэты рэкламныя буклеты той самай фірмы. Менавіта яна ў выніку і была выбрана пастаўшчыком і ў верасні паставіла дзве адзінкі абсталявання агульным коштам 92 200 рублёў.

А ў кастрычніку намеснік дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства ў сваім кабінеце атрымала «падзяку» за садзейнічанне. 4000 рублёў і шакаладку коштам 2 рублі і 79 капеек перадаў ёй дырэктар прыватнай фірмы ад заснавальніка.

Чаму? Бо, паводле яго слоў, незадоўга да гэтага сустрэў намесніка дырэктара на спецыялізаванай выставе. Пагутарыўшы, зрабіў з яе слоў выснову, што надалей прадпрыемства, магчыма, набываць у яго фірме абсталяванне не будзе. Расказаў пра размову заснавальніку, які і перадаў для намесніка дырэктара прадпрыемства грошы.

…А ў снежні дырэктар прыватнай фірмы сам добраахвотна паведаміў пра факт «падзякі» ў праваахоўныя органы.

Абвінавачаная віну поўнасцю прызнала, пакаялася. Пазней пацвердзіла свае паказанні падчас вочнай стаўкі з дырэктарам прыватнай фірмы, а пры праверцы на месцы паказала, як прыняла грошы і шакаладку.

Чыстасардэчнае прызнанне і раскаянне ва ўчыненым, а таксама выплату атрыманага злачынным шляхам даходу суд прызнаў абставінамі, якія змякчаюць адказнасць. А вось яўку з павіннай — не, бо адбылася яна назаўтра пасля таго, як пра злачынства паведаміў дырэктар прыватнай фірмы. Суд улічыў таксама, што абвінавачаная мае пастаяннае месца працы і станоўчыя характарыстыкі, і прызначыў пакаранне ў выглядзе аднаго года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і без штрафа. Тэрмін адбывання пакарання будзе лічыцца з моманту пастаноўкі на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Па матэрыялах пракуратуры раёна падрыхтавала Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com