У 1968 годзе Эдвард Лявіцкі маладым хлопцам прыехаў участковым інспектарам міліцыі ў Княгінін — і застаўся тут да канца службы, на адным месцы адпрацаваў 24 гады.
У інтэрв’ю «Нарачанскай зары» Эдвард Лявонавіч расказаў, што пераканала пайсці служыць у міліцыю, якое здарэнне за гады працы запомнілася найбольш, і з вышыні вопыту паразважаў, якім мусіць быць участковы.
— Як жа трапілі на службу ў міліцыю?
— Родам з вёскі Грумбіненты. У Маладзечне працаваў на прыборабудаўнічым заводзе, адтуль пайшоў у войска. Тры гады адслужыў, званне старшага сяржанта атрымаў. У 1968 годзе дэмабілізаваўся. Прыехаўшы дамоў, стаў на ўлік у ваенкамаце. І мяне загітавалі пайсці ў міліцыю.
— І як: вагаліся, прыняць прапанову ці не?
— Вагаліся і я, і бацькі. У мяне і праца добрая была ў Маладзечне, інтэрнат — і кватэру з часам далі б.
— А які аргумент пераважыў?
— Можа і тое, што любіў форму, з малых год усе ваенныя фільмы, пра Чапаева падабалася глядзець — пэўна, як усім хлопцам тады. А яшчэ ж тры гады праслужыў у войску: дысцыпліна, усё такое.
— Вось вы згадзіліся, што было далей?
— Тры месяцы прабыў памочнікам дзяжурнага ў Мядзеле. Потым мяне прывезлі ў Княгінінскі сельсавет участковым. Пабыў месяц — адправілі на паўгода на курсы ў Мінск.
— Напачатку цяжка было?
— Так. Найперш таму, што ведаў — ніякіх: што ж гэта — шэсць месяцаў курсаў? Па-другое — людзей не ведаў. Да прыезду асабліва і не знаў пра гэты Княгінін. У нас жа Свір, мы больш з Вільнюсам былі звязаны, там вучыліся, працавалі. І вось трапіў у Княгінін. Вельмі цяжкі ўчастак: 30 вёсак, 6 тысяч насельніцтва, 3 саўгасы, 10 раённых баз…
Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 6.11