УКАЗАМ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у знак прызнання дзяржаўнай і грамадскай значнасці, асаблівай актуальнасці дзейнасці пракуратуры 26 чэрвеня ўстаноўлена прафесійнае свята — Дзень работнікаў пракуратуры.

Пракуратура сёння — гэта сапраўды асаблівы дзяржаўны орган шматфункцыянальнага праваабарончага кантролю за рэалізацыяй паўнамоцтваў усіх галін дзяржаўнай улады шляхам нагляду за дакладным выкананнем заканадаўчых актаў.

Дзейнасць пракурорскіх работ­нікаў як важнейшага праваабарончага органа, які працуе ў інтарэсах дзяржавы па ажыццяўленні функцый нагляду за выкананнем заканадаўства, заўсёды застаецца актуальнай, бо служыць узнаўленню парушаных правоў, прыцягненню вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці.

Супрацоўнікі пракуратуры раёна за час службы зарэкамендавалі сябе толькі са станоўчага боку — як ініцыятыўныя, прынцыповыя работнікі. Яны глыбока і дасканала ведаюць заканадаўства, пастаянна займаюцца самаадукацыяй, павышаючы кваліфікацыю і прафе­сійную падрыхтоўку.

Намеснік пракурора раёна Андрэй Гавета за больш як 12 год працы ў органах пракуратуры неаднаразова заахвочваўся за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў. Андрэй Іванавіч зарэкамендаваў сябе кваліфікаваным і ініцыятыўным работнікам. На працягу бягучага года ён дасканала вывучыў 22 крымінальныя справы, якія накіраваў у суд. Ні па адной з іх апраўдальныя прысуды не выносіліся. Не было дапушчана таксама незаконнага прыцягнення асоб да крымінальнай адказнасці.

На пастаянным кантролі ў намесніка пракурора раёна знаходзяцца пытанні законнасці і абгрунтаванасці рашэнняў раённых аддзелаў унутраных спраў, Следчага камітэта, па надзвычайных сітуацыях — аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і аб спыненні праверкі. З пачатку года па выніках вывучэння адпаведных дакументаў Андрэем Гаветам былі адменены 12 незаконных пастаноў, падрыхтаваны 1 прадстаўленне і 2 патрабаванні аб ухіленні парушэнняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, пасля разгляду якіх да дзвюх службовых асоб былі прыменены меры матэрыяльнага ўздзеяння. За адзначаны перыяд на асабістым прыёме ў Андрэя Іванавіча пабывала восем грамадзян. Акрамя таго, намеснікам пракурора раёна ва ўстаноўленыя тэрміны былі разгледжаны па сутнасці сем пісьмовых зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, усе яны былі задаволены. Дзякуючы чаму і былі потым прыняты меры па ўхіленні выяўленых парушэнняў крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, узноўлены законныя правы заяўнікаў.

Пракуратура раёна выразна бачыць і на прафесійным узроўні вырашае пастаўленыя перад ёй задачы па захаванні і ўмацаванні законнасці, барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. У поўнай меры ажыццяўляецца таксама дзейсны нагляд за строгім выкананнем законаў усімі ўстановамі, арганізацыямі і грамадзянамі.

Напярэдадні нашага прафесійнага свята ад душы віншую з гэтай нагоды работнікаў пракуратуры раёна. Жадаю ўсім у такі знамянальны дзень жыццёвых сіл і энергіі, шчасця, міру, дабрабыту, новых дасягненняў у нялёгкай і адказнай службовай дзейнасці па ўмацаванні законнасці і дзяржаўнасці.

В. АФАНАСЕНКА,
пракурор раёна.