Маладая маці ўхілялася ад кампенсавання выдаткаў, затрачаных на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей — вынесены прыгавор

812

СУДОМ раёна 20 лютага бягучага года вынесены прыгавор у адносінах маладой матулі, якая ўхілялася ад кампенсавання выдаткаў, затрачаных на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Ёй вынесена
пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 1 год і 6 месяцаў з адбыццём яго ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Абвінавачваемая — ураджэнка г. Мя­дзела, 1994 года нараджэння, грамадзянка Рэспублікі Беларусь, незамужняя, раней судзімая. Жанчына ўжо была пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да двух непаўналетніх дзяцей і павінна была як абавязаная асоба, паводле Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Аднак гэта ігнаравала. На работу хадзіла нерэгулярна, за што і была асуджана 10 красавіка летась на выязным пасяджэнні суда раёна па част­цы 2 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ёй было назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на адзін год без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу.

Дарэчы, незадоўга да гэтага, 7 красавіка мінулага года, грамадзянка нарадзіла трэцяе дзіця — дзяўчынку. Праз некаторы час з ёй паехала ў Мінск. Аднак, як вядома, выхаваннем немаўляці не займалася належным чынам. Па гэтай прычыне 17 кастрычніка мінулага года і было прынята там рашэнне аб адабранні дзіцяці ў маці і прызнанні яго маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Як абавязаная асоба жанчына была працаўладкавана. Напачатку амаль месяц рэгулярна выходзіла на работу. Але потым адпрасілася з’ездзіць у сталіцу, адкуль наогул не вярнулася. Выдаткі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, не выплачвала. Уважлівых прычын, каб не хадзіць на працу, у яе не было.

20 лютага бягучага года рашэннем суда раёна грамадзянка была асуджана па частцы 3 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за ўхіленне ад кампенсавання расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, учыненае асобай, раней судзімай за аналагічнае злачынства.

Абвінавачваемая сваю віну прызнала поўнасцю. Што за прагулы давядзецца несці крымінальную адказнасць, ведала. Неаднаразова пра гэта папярэджвалася. Тым больш, што ўжо была асуджана і адбывала пакаранне за аналагічныя дзеянні. Аднак, як бачым, высноў адпаведных для сябе не зрабіла. За што і панясе больш суровае пакаранне. Прыгавор у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і
апратэставаны.

Магчыма вынесены прысуд прымусіць жанчыну задумацца і па-іншаму паглядзець на свае ўчынкі. Па крайняй меры вельмі хочацца, каб яна ўзялася за розум і стала на шлях выпраўлення. Каб у яе прачнуліся нарэшце мацярынскія пачуцці і яна паспрабавала вярнуць сваіх дзяцей.

А. ГАВЕТА. Выконваючы абавязкі пракурора раёна.
М. ЛУБНЕЎСКАЯ.Супрацоўнік газеты “Нарачанская зара”.

Фота ілюстрацыйнае