У чэрвені 2020 года судом раёна разгледжана справа па абвінавачванні жыхара Мядзела ў прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці.

Злачынства было здзейснена ў лютым бягучага года каля забаўляльнага цэнтра ў курортным пасёлку Нарач. Увечары туды прыехалі адпачыць некалькі кампаній маладых людзей, сярод якіх былі і фігуранты гэтай справы Уладзімір і Міхаіл (тут і далей імёны змененыя). У забаўляльным цэнтры Уладзімір сустрэў сваю даўнюю знаёмую Вольгу, з якой выйшаў пагутарыць на двор. А праз некалькі хвілін падыхаць свежым паветрам вырашыў Міхаіл, які раней сустракаўся з Вольгай. Убачыўшы маладых людзей, якія мірна гутарылі, ён пачаў нецэнзурна выказвацца ў адрас Уладзіміра. Той нейкі час прапускаў з’едлівыя слоўцы міма вушэй, а потым не стрымаўся і адказаў… праўда, тактыльна — адным ударам рукі ў твар. Міхаіл упаў, стукнуўшыся галавой аб тратуарную плітку. Уладзімір сам выклікаў яму хуткую дапамогу.

Толькі адзін удар, а хлопец атрымаў шматлікія цялесныя пашкоджанні: адкрытую чэрапна-мазгавую траўму з пераломам костак зводу чэрапа, страсенне галаўнога мозгу і іншыя. Пацярпелы доўга лячыўся, але яго здароўе не аднавілася нават да цяперашняга часу. Згодна з заключэннем судова-медыцынскага эксперта, атрыманыя Міхаілам цялесныя пашкоджанні адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

Рашэннем суда Уладзімір прызнаны вінаватым у прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе аднаго года папраўчых работ з утрыманнем у даход дзяржавы 20% заробку, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц. Таксама з Уладзіміра на карысць Міхаіла спагнана матэрыяльная кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 15 тысяч рублёў. Фатальны ўдар дорага каштаваў абодвум.

А. ГАВЕТА, намеснік пракурора Мядзельскага раёна, малодшы саветнік юстыцыі.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары «Нарачанскай зары» за 2.07

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц