За руплівую працу работнікам філіяла “ДЭУ № 66” — павага і пашана

888

З ВЫДАТНЫМ настроем сустракаюць сваё прафесійнае свята работнікі філіяла “ДЭУ № 66” РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр”. Падставы для гэтага значныя. Па падрыхтоўцы дарог да  вяснова-летняга перыяду мядзяльчане занялі першае месца сярод аналагічных філіялаў вобласці. За 9 месяцаў бягучага года выкананы многія вытворчыя паказчыкі. У тым ліку гадавы план у грашовым выражэнні. Заслуга ў гэтым, вядома, усяго калектыву.

Як паведаміў начальнік філіяла Віктар Буйко, на прадпрыемстве працуе 70 чалавек. Гэта вадзіцелі, механізатары, дарожныя рабочыя, інжынерна-тэхнічны персанал. Усе свае абавязкі выконваюць добрасумленна. А што датычыць работ, то яны пастаянна вядуцца на розных участках.
— Калектыў у нас дружны, зладжаны, — кажа Віктар Тадэвушавіч. — Няма цякучасці кадраў. Людзі трымаюцца за працоўнае месца, даражаць ім. І, трэба адзначыць, стараюцца, каб дарогі, якія абслугоўваем, былі ў добрым стане, каб вадзіцелі, якія ездзяць па іх, адчувалі сябе камфортна. У гэтым і бачым сваё асноўнае прызначэнне.
Невыпадкова шмат работнікаў заахвочана да Дня аўтамабіліста і дарожніка за прафесіяналізм і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў. Так, нагруднымі знакамі адзнакі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь узнагароджаны ва-дзіцелі “МАЗаў” Уладзімір Жук і Тамаш Вярбіцкі. Прычым першы з іх прызнаны “Ганаровым транспартнікам”, другі — “Ганаровым дарожнікам” II ступені. Ганаровай граматы Мі-ністэрства транспарту і камунікацый удастоены таксама вадзіцель аўтамабіля Алег Звяруга. Ганаровай граматай РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр” заахвочаны вадзіцель Віталій Глухоўскі. А падзяку рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства атрымаў начальнік лінейна-дарожнай дыстанцыі № 661 Яўген Зубар. Ганаровай граматай філіяла “ДЭУ № 66” адзначаны 9 работнікаў арганізацыі. Падзякі атрымалі 6 чалавек. Згодна з адпаведным загадам аб заахвочванні 15 работнікаў будуць занесены на Дошку гонару філіяла.