Работнікі стальных магістраляў

334

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі стальных магістраляў. Цудоўныя, адданыя справе людзі працуюць на чыгуначнай станцыі «Княгінін» Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі. Узначальвае калектыў ужо больш за дзесяць гадоў Святлана Цекерава. На жаль, паразмаўляць з ёй не давялося, жанчына зараз знаходзіцца ў водпуску, таму ўсе тлумачэнні даў яе намеснік Генадзій Пуня.

Работнікі стальных магістраляў
Таццяна Пуня

— Генадзій Мікалаевіч, раскажыце пра калектыў, — звяртаюся да яго.
— Калектыў наш невялікі, зладжаны і працавіты. Кожны з адказнасцю ставіцца да выканання службовых абавязкаў. Яно так і павінна быць. Бо чыгунка патрабуе ўважлівасці і днём, і ноччу. Мы нясём адказнасць за пасажыраў, цягнікі і грузы, якія ідуць праз нашу станцыю, — чую ў адказ. — Прыклад ва ўсім паказвае начальнік.
Генадзій Мікалаевіч расказаў, што за плячыма Святланы Віктараўны Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Для яе праца на чыгунцы — справа сямейная. Яе маці працавала дзяжурнай па станцыі «Куранец», а бацька — дзяжурным па станцыі «Вілейка».
Гаворачы пра сямейныя дынастыі, нельга не адзначыць яшчэ адну. Мой суразмоўца Генадзій Пуня працуе дзяжурным па станцыі, і яго жонка Таццяна завіхаецца на такой пасадзе. Іх сын Мікалай адвучыўся ў Мінскім чыгуначным каледжы, быў памочнікам машыніста. Адначасова ён закончыў вучобу ў Расійскім інстытуце інжынераў транспарту, вярнуўся ў родны Княгінін і працуе дзяжурным па станцыі.
— Назавіце, калі ласка, іншых членаў вашага калектыву, — прашу суразмоўцу.
— Білетным касірам працуе Валянціна Чарняўская. Яна таксама са слаўнай дынастыі чыгуначнікаў. Яе тата Іван Клімовіч доўгі час працаваў начальнікам нашай станцыі, а мама Ірына — начальнікам таварнай канторы. Ірына Гарошка і Аксана Шчарбіна займаюць пасады камерцыйных агентаў па транспартным абслугоўванні. У іх абавязкі ўваходзіць афармленне дакументаў, кантроль за правільнасцю загрузкі, агляд вагонаў. Аксана працуе на станцыі больш за пятнаццаць гадоў. Не саступае ёй у прафесіяналізме і Ірына. Дзякуй ім за руплівасць, — кажа Генадзій Пуня. — Яшчэ дзяжурнымі па станцыі працуюць Ганна Давыдзенка і Сяргей Селіванаў, які прыязджае да нас з Маладзечна.
— Што ўваходзіць у абавязкі дзяжурнага па станцыі? — цікаўлюся.

Работнікі стальных магістраляў
Валянціна Арлянковіч

— Ён сустракае і праводзіць цягнікі. Прычым не проста выконвае прыгожы рытуал, а праводзіць візуальны агляд саставу — раптам нешта не так. Пры неабходнасці звязваецца з машыністам. Інфармацыя аб прыбыцці, адпраўленні цягніка, пра бяспечныя паводзіны на чыгунцы — гэта таксама праца дзяжурнага па станцыі. Акрамя таго — манеўровыя работы. Кіруе падачай вагонаў пад загрузку, ці разгрузку і многае іншае, — чую ў адказ. — Вой, ледзьве не забыўся адзначыць нашу станцыйную рабочую Валянціну Арлянковіч. Ад яе старання ў многім залежаць чысціня і парадак не толькі ў будынку станцыі, але і на прылеглай тэрыторыі.
— Што вы хочаце пажадаць калегам з нагоды прафесійнага свята? — пытаюся.
— Немагчыма падлічыць, колькі цягнікоў за працоўную дзейнасць сустрэлі і адправілі ў далейшы шлях нашы ветэраны, якія ў розныя гады працавалі на чыгуначнай станцыі. У іх ліку Іван Клімовіч і яго жонка Ірына, Раіса Святоха, Ірына Аўрэйцавіч. Зараз яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але за сваю шматгадовую добрасумленную працу заслугоўваюць самых лепшых слоў падзякі. Шчыра віншую ўсіх калег-чыгуначнікаў з прафесійным святам. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах, няхай жнівеньскае сонейка і зялёны семафор заўсёды вітаюць вас, — дадаў на развітанне Генадзій Пуня.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.