Гаспадыні кніжнага царства са Свіры

409

З добрым настроем сустракаюць прафесійнае свята работнікі Свірскай пасялковай бібліятэкі Алена Яновіч і Данута Саковіч. Жанчыны любяць сваю працу, таму і выконваюць яе з душой. Больш за тое, уласным прыкладам, праз мерапрыемствы, якія ладзяць ва ўстанове, стараюцца даказаць людзям розных узростаў — і дзецям, і дарослым — высокае прызначэнне літаратуры і мастацтва ў жыцці кожнага з нас. А таксама тое, што кнігі былі і застаюцца галоўнай крыніцай ведаў у многіх сферах чалавечага пазнання.

Гаспадыні кніжнага царства са СвірыНапісаць пра свірскіх бібліятэчных работнікаў парэкамендавала дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка Таццяна Нырцова. Таццяна Ананьеўна назвала сваіх калег выдатнымі спецыялістамі і неабыякавымі людзьмі.
— Гэта сапраўдныя гаспадыні кніжнага царства, — зазначыла яна. — Здольныя ў любой сітуацыі пайсці на кантакт з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Гатовыя падтрымаць і адна адну, і чытачоў.
Сустрэлася з жанчынамі днямі на палетку мясцовай гаспадаркі, дзе яны шчыравалі на ўборцы бульбы. Абедзве прызналіся, што займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і ўдзельнічаюць практычна ўсюды, куды іх запрашаюць. Працуюць у складзе камісій на выбарах розных узроўняў, займаюцца правядзеннем падворных абходаў, іншых мерапрыемстваў, у тым ліку перапісу насельніцтва, добраўпарадкаваннем населеных пунктаў і могільнікаў. Дапамагаюць таксама перыядычна мясцовай гаспадарцы ва ўборцы ўраджаю.
— У нас налічваецца 700 пастаянных чытачоў, — кажа загадчыца Свірскай бібліятэкі Алена Яновіч. — Гэта і дзеці, і дарослыя. А ў летні перыяд ёсць яшчэ і часовыя чытачы. Напрыклад, сёлета такіх было 46. Пераважна з ліку хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыехалі на Свіршчыну з розных куткоў Беларусі і нават Прыбалтыкі на адпачынак да сваіх бабуль і дзядуляў.
— Дзятва менш чытае мастацкія творы, толькі тое, што патрэбна па школьнай праграме, — у размову ўключаецца бібліятэкар Данута Саковіч. — І гэта хвалюе. Так-так, большасць маладых людей толькі і сядзіць суткамі за камп’ютарамі і планшэтамі. На жаль, многіх з іх цікавіць віртуальны свет, а не рэальны. А вось людзі старэйшага пакалення надзейна сябруюць з кнігай. У нас карыстаецца попытам і надомная форма абслугоўвання. Звычайна кожны чацвер, у першай палове дня, наведваемся да людзей, якія па стане здароўя, узросце не могуць самі прыйсці ў бібліятэку. Забіраем кнігі, якія яны прачыталі, прыносім новыя.
У ліку актыўных чытачоў называюць жанчыны Вольгу Харэвіч, Зінаіду Лагунёнак, Ганну Гуско, Часлава Саковіча, Віктара Вайнілку, Аляксея Максіменку, Яніну Пятосіну, Святлану Драгун, Святлану Смаленскую, Аляксандра Каваленю, Івана Бабіча, Ірыну Бойку, Ірыну і Генадзя Драгуноў і некаторых іншых. З энтузіязмам апавядаюць пра мерапрыемствы, якія ладзяць і самі, і сумесна са школай, Домам культуры. Пра гурткі, якія працуюць пры ўстанове. Для дзяцей — лялечны тэатр “Сонейка”, а для дарослых — клуб кветкаводаў-аматараў “Лотас”, папулярны ў жанчын. Што датычыць выстаў, то іх нямала. Прычым рознай накіраванасці. Сярод пастаянных — наступныя: “Краіна мая — Беларусь”, “Мілы край — старонка родная”, “Сямейная акадэмія”, “Маладзёжны мерыдыян”, “Спазнай свет праз кнігу” і іншыя. Сярод часовых — да юбілейных дат з жыцця нашай краіны, знакамітых землякоў, вядомых пісьменнікаў і паэтаў. Штомесяц абнаўляецца выстава да адзінага дня інфармавання насельніцтва. Акрамя таго, створана выстава па падрыхтоўцы да парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у лістападзе. А называецца яна — “Выбарчая кампанія: крок за крокам”.
Кніжны фонд перыядычна папаўняецца за кошт паступленняў з цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка. Многія творы з уласных бібліятэк перадаюць і некаторыя чытачы. Карыстаюцца попытам і перыядычныя выданні. Зараз, напрыклад, атрымлівае бібліятэка 7 найменняў газет і 29 — часопісаў. Усе падшыўкі знаходзяцца ў чытальнай зале, дзе іх прачытаць можа кожны ахвотны.
Ёсць у бібліятэцы камп’ютар, ксеракс, выхад у інтэрнэт. Дзейнічае і прававая база “Эталон”. Усё гэта дазваляе аказваць платныя паслугі насельніцтву на належным узроўні.
У загадчыцы з бібліятэкарам поўнае ўзаемаразуменне. Жанчыны не дзеляць работу на сваю і чужую, выконваюць усё, што трэба, разам. Удзвюх ладзяць мерапрыемствы, праводзяць рэпетыцыі. Алена Мікалаеўна заўсёды раіцца па ўсіх пытаннях з Данутай Браніславаўнай, якую вельмі паважае, да парад якой пастаянна прыслухоўваецца. Пераканана, што дзякуючы творчаму тандэму свірскіх бібліятэчных работнікаў у іх усё і атрымліваецца.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.