Галоўны складнік поспеху — руплівыя, працавітыя людзі

300

Галоўны складнік поспеху - руплівыя, працавітыя людзіЭлектрычнасць трывала ўвайшла ў наша жыццё. Мы не ўяўляем сябе без святла ў пакоях, без блакітнага экрана тэлевізара, камп’ютараў і ноўтбукаў, халадзільнікаў, іншай складанай бытавой тэхнікі. І зусім не задумваемся аб тым, дзякуючы каму прыйшлі ў нашы дамы утульнасць і камфорт, што за ўсім гэтым стаіць штодзённая напружаная праца спецыялістаў галіны, якая забяспечвае нас цяплом і электраэнергіяй. Пра будзённыя клопаты і вытворчыя справы энергетыкаў азёрнага краю гутарым напярэдадні прафесійнага свята з начальнікам Мядзельскага раёна электрычных сетак Андрэем СЯРГЕЕНКАМ:

— З кожным годам усё часцей пераконваюся ў тым, што нязменнай каштоўнасцю была і застаецца павышаная адказнасць калектыву, які працуе ў інтарэсах жыхароў нашага цудоўнага азёрнага краю. Кожны разумее, што своечасовае і якаснае правядзенне рамонту лініі электраперадачы, трансфарматарных падстанцый павышае надзейнасць электрасетак і бесперабойнасць забеспячэння электраэнергіяй усіх спажыўцоў раёна. Практычна штодзённа, не зважаючы на ўмовы надвор’я, майстры, электраманцёры брыгад выязджаюць на аб’екты. Прычым не толькі каб ухіліць няспраўнасці, але і для правядзення прафілактычных, капітальных рамонтаў ліній і абсталявання. Робіцца гэта для таго, каб як мага менш было аварыйных адключэнняў. Каб электраэнергія
бесперабойна паступала да спажыўцоў — у дамы грамадзян, школы, дзіцячыя сады, у арганізацыі і ўстановы, на вытворчыя аб’екты.
— Калі вас правільна зразумела, то галоўным складнікам поспеху раёна электрычных сетак з’яўляюцца руплівыя, працавітыя людзі?
— У любой справе ўсё вырашаюць кадры: іх прафесіяналізм, адказнасць, дысцыплінаванасць, адносіны да даручанай справы. Таксама і ў нас. З добрага боку хачу назваць майстроў, на плячах якіх трымаецца практычна ўся работа на аб’ектах: Сяргея Сяргеенку, Арцёма Звяругу, старшага майстра Мікалая Федаркевіча, начальніка групы па аўтаматызацыі размеркавальных сетак Канстанціна Хілу. Выдатнымі спецыялістамі зарэкамендавалі сябе электраманцёры Яўген Сапяжынскі, Андрэй Гушча, Юрый Шапэчка, Віктар Несцяровіч і многія іншыя. Калі па шчырасці, слоў падзякі заслугоўваюць за добрасумленнасць і кампетэнтнасць практычна ўсе спецыялісты, трактарысты, вадзіцелі, электраманцёры. Бо кожны з іх уносіць важкі ўклад у агульныя набыткі калектыву, садзейнічае таму, каб стан электрычных сетак Мядзельшчыны падтрымліваўся на належным узроўні.
— Раскажыце больш падрабязна пра аб’ёмы работ, якія выкананы ў бягучым годзе намаганнямі членаў вашага калектыву.
— З запланаванага зроблена нямала. Уласнымі сіламі капітальна адрамантавалі 91 трансфарматарную падстанцыю, у тым ліку камплектныя і мачтавыя, а таксама больш за 184 кіламетры ліній электраперадач напружаннем 10 кВ і больш за 133 кіламетры ліній напружаннем 0,4 кВ. Акрамя таго, правялі тэхнічнае абслугоўванне 524 трансфарматарных падстанцый, больш за 732 кіламетры ліній электраперадач напружаннем
10 кВ і звыш 648 кіламетраў — напружаннем 0,4 кВ. На ўчастку адлегласцю 11,9 кіламетра, які пралягае праз вадаёмы і лясныя масівы, заменены неізаляваныя правады на лініях напружаннем
10 кВ на ізаляваныя. Вялікі аб’ём работ выкананы і па падрыхтоўцы нашага горада да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. Прычым усе яны вяліся паралельна з вырашэннем нашых асноўных задач, запланаваных на бягучы год.
— Мяркую, чытачам раённай газеты будзе цікава даведацца, што канкрэтна зроблена вашай службай у райцэнтры падчас падрыхтоўкі да абласных “Дажынак”?
— Паўтаруся, што ўсе пастаўленыя задачы выкананы. У прыватнасці, праведзена рэканструкцыя 16,2 кіламетра паветранай лініі напружаннем 0,4 кВ і 1,4 кіламетра кабельнай лініі напружаннем
10 кВ. Заменена 5 камплектных трансфарматарных падстанцый на мачтавыя. Акрамя таго, зманціраваны дзве новыя камплектныя трансфарматарныя падстанцыі ў Мядзеле і адна новая мачтавая ў Лук’янавічах. Адрамантаваны
будынкі 24 закрытых трансфарматарных падстанцый. Прычым на трох з іх заменена абсталяванне і ўстаноўлены вакуумныя выключальнікі.
— Андрэй Мікалаевіч, калі па горадзе выконваліся работы, былі неаднаразовыя вымушаныя адключэнні электрычнасці. Як успрымалі такія нязручнасці арганізацыі і насельніцтва?
— Электрычнае напружанне тоіць у сабе вялікую небяспеку для жыцця і здароўя людзей. Не выключэнне тут і электраманцёры. А таму ўсе работы на электрычных аб’ектах праводзяцца пры іх адключэнні. Такая акалічнасць, вядома, стварае пэўныя нязручнасці і для насельніцтва, і для арганізацый. Але ж інакш нельга. Ды і робіцца ж гэта, найперш, для людзей і не на адзін год. Таму хачу падзякаваць гараджанам за тое, што з разуменнем ставіліся да вымушаных адключэнняў электрычнасці, не скардзіліся, не наракалі на часовыя нязручнасці. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць сваіх калег з прафесійным святам. Падзякаваць ім за старанную працу. Жадаю здароўя, дабрабыту, міру, шчасця і дабра!