Захаваем лес ад агню!

85
Захаваем лес ад агню!УЗНІКНЕННЕ пажараў у лясах і на тарфяніках ад выпальвання сухой расліннасці становіцца сапраўднай бядой у веснавы і летні перыяд. Агонь знішчае звяроў і птушак, ягаднікі і грыбніцы, зніжае прырост дрэвастою, павялічвае ветрапавальнасць і паслабляе лясныя масівы. Як сведчыць статыстыка, лясныя пажары здараюцца кожны год. Таму, заўважыўшы загаранне, прыміце неадкладныя меры для яго тушэння. Прасцейшы спосаб — паспрабуйце збіць полымя галінкамі дрэў ці засыпаць яго пяском. Калі гэта зрабіць самастойна не ўдаецца, абавязкова паведамляйце пра загаранне працаўнікам Нацпарку, у пажарную часць або мясцовы выканкам. Тэлефоны Нацпарку: 49-8-80, 49-8-74.
Заўсёды памятайце, што ў пажаранебяспечны перыяд у адпаведнасці з Правіламі пажарнай бяспекі ў лясах Рэспублікі Беларусь забараняецца распальваць вогнішчы ў хвойных дрэвастоях і маладняках, на ўчастках пашкоджанага лесу (ветрапавал і буралом), тарфяніках, у месцах з падсохлай травой, на высечках (на пасеках), неачышчаных ад парубачных рэшткаў і нарыхтаванай драўніны, а таксама пад кронамі дрэў. Не пакідайце непатушаныя крыніцы гарэння (запалкі, недакуркі і інш.). Нельга запраўляць у лесе палівам тэхніку пры працуючым рухавіку, выкарыстоўваць машыны з няспраўнай паліўнай сістэмай. Ніколі не падпальвайце сухую траву на лясных палянах і лугах, а таксама пажніўныя рэшткі і ржышча на палетках і г. д.
Адказнасць за дадзеныя парушэнні ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 15.29 (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках, альбо забароны на іх наведванне, не пацягнуўшае прычыненне шкоды) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці пяці базавых велічынь. Частка 2 названага артыкула (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках, якое пацягнула знішчэнне ці пашкоджанне лесу або тарфяніку) прадугледжвае штраф ад 25 да 50 базавых велічынь. Выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях, або непрыняцце мер па ліквідацыі загарання ў адпаведнасці з артыкулам 15.57 цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да сарака базавых велічынь. Артыкул 15.58 (распальванне вогнішчаў у забароненых месцах) прадугледжвае папярэджанне ці штраф да дванаццаці базавых велічынь. Акрамя гэтага, за падобныя парушэнні, якія нанеслі прыродзе ўрон, прадугледжаны і больш строгія меры адказнасці: крымінальная (артыкул 276 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) і адміністрацыйная (кампенсацыя нанесенага ўрону).
Р. МІСУНА.
Інжынер па ахове лесу НП «Нарачанскі».