Якім павінен быць настаўнік?

675

Якім павінен быць настаўнік?ДЛЯ кожнага прадстаўніка прафесіі, звязанай з навучаннем, Дзень настаўніка — адно з найбольш значных і ўрачыстых святаў. Гэта прафесія сярод іншых вылучаецца асаблівай адказнасцю. Педагог знаёміць сваіх вучняў з навуковымі дасягненнямі чалавецтва і дапамагае засвойваць веды. Мядзяльчане падзяліліся, якім, на іх думку, павінен быць настаўнік:

Вiталь САВІЦКІ, вучань Мядзельскага ВПК яслі-сад/СШ:

— Ідэальны настаўнік павінен быць добрым і, у той жа час, строгім. Пажадана, каб ставіўся да ўсіх аднолькава. Сучасны настаўнік павінен карыстацца ўсімі даступнымі яму тэхналогіямі: інтэрактыўнымі дошкамі і іншымі мультымедыйнымі прыстасаваннямі. Знешнасць для настаўніка не самае галоўнае, як і для любога іншага чалавека.

Крысціна РАМАНАВА, вучаніца Мя­дзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі:

— Дзецям патрэбны настаўнік, які б заўсёды разумеў і паважаў сваіх вучняў. Няхай ён будзе патрабавальны, але справядлівы, не жорсткі. Часам можа і пасмяяцца разам з класам, але ніколі не стане павышаць голас. Адукаваны, разумны чалавек, які не толькі шмат ведае, але і ўмее даходліва растлумачыць. Ён неабыякавы да праблем дзяцей, разумее, што вучань таксама чалавек, а не машына, якая робіць урокі. Але ў той жа час ён не ўмешваецца ў асабістае жыццё. Заўсёды ідзе насустрач і можа, калі гэта неабходна, пазаймацца індывідуальна. Здольны быць аўтарытэтам і сябрам.

Яўген ВАРАНОВІЧ, студэнт Беларускага Дзяржаўнага аграрна-тэхнітчнага ўніверсітэта:

— Настаўнік не павінен скакаць ад тэмы да тэмы, выкладаць прадмет бегам з надзеяй, што вучні прыйдуць да яго на рэпетытарства. Практычна па ўсіх прадметах, якія дзеці вывучаюць у школе, здаюць ЦТ. Задача педагога  — падрыхтаваць вучняў да гэтых экзаменаў, таму матэрыял павінен тлумачыцца зразумела і даступна.

Зоя ЖАЎТОЎСКАЯ, пенсіянерка:

— Мне б хацела, каб у маіх унукаў быў вельмі цярплівы настаўнік, які з любоўю і разуменнем ставіўся б да вучняў. Дзеці бываюць розныя, настаўнік павінен да кожнага знайсці індывідуальны падыход. Трэба быць справядлівым і адказным, таму што выкладчыкі фарміруюць светапогляд маладога пакалення.

Лізавета ЛАКОТКА.

Студэнтка 5 курса факультэта журналістыкі БДУ.