Як падрыхтавана да сезона адпачынку Мядзельшчына?

543

ВОСЬ і наступіла лета — пара адпускоў, аздараўлення. Па прычыне пандэміі каранавірусу нямногія сёлета накіруюцца за мяжу. Таму азёры Нарачанскага краю, думаецца, будуць карыстацца папулярнасцю. А ці падрыхтаваны пляжы і месцы для адпачынку да прыёму гасцей? Гэта пытанне і паспрабавалі высветліць у час маніторынгу, які правялі 28 мая.

Адразу зазірнулі на пляж у райцэнтры, які знаходзіцца ў падпарадкаванні камунальнай службы раёна. Майстар па добраўпарадкаванні РВУП “Мядзельская ЖКГ” Канстанцін Ручкін, патлумачыў:

— Атрымаўшы рэкамендацыі з раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па падрыхтоўцы гарадскога пляжа да летняга сезона, адразу прыступілі да іх выканання. Каб забяспечыць якасць вады ў зоне купання, пачысцілі дно возера ад малюскаў, чароту, смецця. Вадалазы абследавалі акваторыю ў раёне пляжа. Прывялі ў парадак фантанчыкі з пітной вадой, душавыя кабінкі, грамадскія туалеты, кабінкі для пераапранання. Скасілі пустазелле. Пафарбавалі ўсе малыя архітэктурныя збудаванні, урны для смецца, лаўкі. Абуладкавалі кантэйнерныя пляцоўкі. На дзіцячай пляцоўцы сёлета дадаткова зманціравалі новыя арэлі і каруселі. Зрабілі пробнае ўключэнне вады, усё працуе. Устанавілі плывучую модульную платформу для ўваходу ў ваду на аддаленні ад берага. Прызначана адказная асоба, якая будзе сачыць за парадкам на пляжы. Накіравалі пісьмо ў санітарную службу з просьбай даць санітарна-эпідэміялагічнае заключэнне. Словам, да купальнага сезона падрыхтаваліся. Хаця купацца яшчэ пакуль ранавата, вада не прагрэлася адпаведным чынам…

Не мог не сказаць майстар і пра тое, што ў асобных жыхароў горада нізкая культура паводзін. Ідучы на пляж, яны выносяць з дому пакеты з бытавым смеццем у урны. А птушкі і ба­дзялыя сабакі разрываюць гэтыя пакеты ў пошуках ежы, вецер разносіць смецце па наваколлі.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары «Нарачанскай зары» за 3.06