Віртуальныя махлярствы

485

У структуры злачыннасці па-ранейшаму пераважаюць махлярствы ў сетцы інтэрнэт.
Набольш часта сустракаюцца факты непастаўкі аплочаных тавараў, калі пацярпелы пераводзіць грошы на банкаўскую картку. Махляры выклікаюць давер тым, што карткі імітаваныя банкамі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. А на самай справе ўладальнікі картак з’яўляюцца толькі пасрэднікамі пры пераводзе грашовых сродкаў і не падазраюць, што ўдзельнічаюць у махлярскіх схемах. Аналагічная сітуацыя складваецца, калі прадавец дае быццам бы свае пашпартныя даныя грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (фотаздымак пашпарта). Іх махляр атрымлівае падчас перапіскі з іншымі добрасумленнымі пакупнікамі, указваючы, што анкетныя даныя неабходны для ажыццяўлення здзелкі.
Больш стала зваротаў грамадзян па факце крадзяжоў грошай на падставе атрымання крэдыта без паручыцеляў і даведкі аб даходах. А яшчэ — з мэтай хутка зарабіць грошай, калі пацярпелы пераводзіць пэўную суму для аплаты паслугі за перавод яму грашовых сродкаў, пасля чаго з ім спыняецца перапіска і ніякія грошы на яго адрас не паступаюць.
Застаецца папулярным махлярства ў сферы банкаўскіх паслуг. У гэтых выпадках злачынца быццам бы ад імя прадстаўніка банка тэлефануе грамадзяніну і паведамляе, што нехта спрабуе зняць грошы з яго рахунка і для папярэджання гэтага просіць пацвердзіць нумар банкаўскай карткі карыстальніка і назваць кодавае слова для таго, каб упэўніцца, што мае справу з уладальнікам рахунка. Пасля таго, як пацярпелы называе даныя, ажыццяўляецца несанкцыянаваны доступ да яго рахунка і здымаюцца грашовыя сродкі.
Каб не стаць ахвярай злачынцаў, не давярайце незнаёмым людзям і пазбягайце кантактаў з падазронымі суразмоўцамі. Не давайце доступ да сваіх акаунтаў і персанальных даных невядомым асобам! Калі ў вас просяць перавесці грошы, праверце інфармацыю: патэлефануйце, ці сапраўды гэта ваш знаёмы. А з супрацоўнікамі банка самі звязвайцеся па нумары, які ўказаны на банкаўскай карце ці на афіцыйным сайце банка.
Андрэй МІНІЧ,
начальнік РАУС, палкоўнік міліцыі.