У падарунак — знаёмства з конным спортам!

246

ЯШЧЭ адзін прыемны сюрпрыз чакаў дзяцей з асаблівасцямі развіцця, у тым ліку і з нашага раёна, у навагоднія і калядныя святы.

Як паведаміла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская, у другі раз Мінская абласная арганізацыя галіновага прафсаюза праводзіла сёлета ў малой зале Палаца Рэспублікі дабрачыннае навагодняе мерапрыемства. Яго ўдзельнікамі сталі і 12 хлопчыкаў і дзяўчынак з Мядзельшчыны, бацькі якіх з’яўляюцца членамі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Дарэчы, упершыню ў рамках дабрачыннага мерапрыемства, якое праводзілася пад эгідай чарговай 25-й рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”,  прадстаўнікам усіх раёнаў Міншчыны былі ўручаны сертыфікаты на наведванне Мінскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце, які знаходзіцца ў вёсцы Ураджайная Мінскага раёна. Такая цудоўная магчымасць прадаставілася хлопчыкам і дзяўчынкам з асаблівасцямі развіцця са сталічнага рэгіёну дзякуючы сумеснай ініцыятыве Мінскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза, галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама, Мінскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і Мінскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце. У гэтым спісе і сем дзяцей з нашага азёрнага краю.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.