У Мядзельскім сельсавеце віншавалі з Днём маці і ўручалі падарункі

494

У РАМКАХ Тыдня маці старшыня Мядзельскага сельскага выканаўчага камітэта Вячаслаў Стрэж, кіраўнік спраў Аксана Яскавец і старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Валянціна Стрэж наведалі некалькі сем’яў, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета. Павіншавалі з надыходам свята — Дня маці, пацікавіліся справамі, уручылі невялікія падарункі.
У ліку тых, каго наведалі, матуля аднаго з самых актыўных старэйшын сельсавета. Гэта Яўгенія Багуцкая з вёскі Гатавічы. Яўгенія Канстанцінаўна амаль усё жыццё працавала ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Сямнаццаць год узначальвала ферму, цялятніцай шчыравала. Выбіралася дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. Мае за старанную працу і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Разам з мужам Мікалаем выхавала двое дзяцей. Сын Пётр са сваёй сям’ёй дагэтуль жыве разам з бацькамі. Ён — старэйшына Гатавіч. Увогуле гэта чалавек актыўны, неабыякавы. Па ўсіх пытаннях, якія датычаць жыццядзейнасці населенага пункта, Пётр звяртаецца ў сельвыканкам. Акрамя таго, арганізоўвае сельскія сходы, а таксама суботнікі па навядзенні парадку як у населеным пункце, так і на могільніку. Ды і сам пастаянна працуе на іх разам з аднавяскоўцамі. А яшчэ асабістым прыкладам паказвае іншым, якім чыстым, дагледжаным павінен быць падворак ля ўласнага дома.
Яўгенія Канстанцінаўна была вельмі ўзрушана такой увагай. Яна шчыра дзякавала за віншаванне і сардэчныя пажаданні, за прывезены падарунак. Асабліва было прыемна жанчыне пачуць цёплыя словы, сказаныя прадстаўнікамі мясцовай улады ў адрас сына Пятра. Згадзіцеся, кожнай матулі хочацца, каб дзеці выраслі сумленнымі, добразычлівымі, паважанымі людзьмі, каб за іх ніколі не было сорамна. Сваім жа Пятром бацькі могуць ганарыцца.
Прымала віншаванні з надыходам Дня маці і Анжаліка Арлюк з Лук’янавіч. Яна нарадзіла сёлета дачушку Еву (дзяўчынцы крышку больш за тры месяцы). Разам з мужам Мікітам маладая матуля выхоўвае яшчэ і сына Івана, якому зараз год і дзевяць месяцаў. Вельмі хочацца, каб усё ў іх атрымалася. Каб дзеці раслі на радасць бацькам, былі здаровыя, паслухмяныя. Ды і ўвогуле, каб у доме, дзе жывуць Анжаліка і Мікіта з малымі, было толькі добрае надвор’е.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.