ХАКЕЙНАЯ каробка запрацуе 13 студзеня ў другую палову дня на стадыёне Мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Яго дырэктар Андрэй РУСАК расказаў, што на лёд запрашаюць не толькі аматараў хакею, але і ўсіх ахвотнікаў пакатацца на каньках. Можна прыходзіць са сваімі, а калі не маеце — не бяда: пракат арганізаваны ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры. Без выхадных, з 10:00 да 22:00 (у такім жа рэжыме можна ўзяць напракат і лыжы). Каб баўленне вольнага часу на лёдзе абышлося без непатрэбных прыгод, варта ўзнавіць у памяці правілы бяспекі. Гэта будзе нескладана: яны вывешаны на бачным месцы. А з тымі, хто будзе браць спартыўны інвентар напракат, нават правядуць інструктаж.

Дзве трасы для прыхільнікаў лыжных відаў спорту падрыхтавала Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву раёна. Ля амфітэатра — працягласцю 600 метраў, а на гарадскім пляжы — кіламетровую. Аб іх працягласці і напрамку можна даведацца з інфармацыйных шчытоў (яны нагадваюць і аб правілах бяспекі). Намеснік дырэктара ўстановы па асноўнай дзейнасці Наталля БАРАН расказала, што выйсці на трасу могуць усе ахвотныя: і на ўласных лыжах, і на ўзятых у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры. Пракат арганізаваны і ў самой СДЮШАР.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.