Да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірыны Супрановіч на прыём прыйшла мядзяльчанка. Першае пытанне тычылася градак, якія размяшчаліся непадалёку ад дома №2 па вуліцы Юбілейнай райцэнтра. Сёлета, як расказала жанчына, іх перааралі. Ці будзе магчымасць жыхарам гэтага дома вясной атрымаць новыя градкі?

Другое пытанне — лужа ў двары гэтага ж дома. Зараз, калі ідуць дажджы, яна стала вялізнай, а сцёку няма.

Ірына Супрановіч правяла прыём грамадзян

Другая жыхарка Мядзела выказала занепакоенасць чысцінёй берагавой лініі возера Мястра ад вуліцы Міру да гарадскога пляжа. Жанчына марыць, каб сцяжынка, якая скарачае шлях з цэнтра горада ў Стары Мядзел, набыла больш прывабны выгляд. Асабліва каля былога дзіцячага садка. Напрыканцы размовы мядзяльчанка расказала дэпутату, што многія гараджане, асабліва пенсіянеры, маюць жаданне апрацоўваць свае прысядзібныя ўчасткі. А куды звярнуцца, каб, напрыклад, наняць тэхніку ўзараць агарод?

Ірына Аляксандраўна ўважліва выслухала грамадзянак, пытанні ўзяла на кантроль.  Пасля прыёму выехала на ўказаныя месцы. Адказы заяўніцы атрымаюць у бліжэйшы час.

«Нарачанская зара»