Пра COVID-19, маскі і паламаную драцінку

498

Цяжка паверыць, што менш за год таму мы толькі прыглядаліся да ахоўных масак: якія больш эфектыўныя, як насіць, ці часта мяняць, як утылізаваць аднаразовыя і апрацоўваць шматразовыя. Рыхтуючыся да пандэміі, рабілі стратэгічныя запасы: хто купляў у аптэцы або краме, а хто і сам шыў маскі. Спадзеючыся ўсё ж, што COVID-19 не закране нас, як па вялікім рахунку абмінулі птушыны грып і атыповая пнеўманія. Але цуду не адбылося. З тэлеэкранаў, на якіх мы пільна сачылі за падзеямі ў кітайскім Ухані, COVID-19 перамясціўся ў нашы рэаліі. Калі звесткі пра першых у Беларусі хворых выклікалі вялікую цікавасць і шквал супярэчлівых эмоцый, дык пазней новы каранавірус зрабіўся будзённасцю. Лічы, у атачэнні кожнага, хто не хварэў сам, ужо ёсць людзі, якія перанеслі COVID-19. На жаль, і пра памерлых ад каранавіруса многія ведаюць не з чужых слоў. Разам з абмежаваннем кантактаў, частым мыццём і апрацоўкай рук маска стала звыклай з’явай. Хоць ад гэтага, папраўдзе, усе стаміліся. Хочацца ранейшага, дакавіднага, жыцця.
Агульнавядома: маска не дае гарантыі, што не захварэеш. Але пры правільным выкарыстанні змяншае рызыку і стрымлівае распаўсюджванне інфекцыі. Ужо амаль два месяцы маска абавязковая для выкарыстання ў месцах масавага знаходжання людзей.
Прызвычаіліся. Некаторыя нават падыходзяць творча. Сяброўка падабрала маскі ў колер да адзення: ружовую носіць з ружовай сукенкай, зялёную — з зялёнай. А нехта нават анекдоты ў тэму складае. Кшталту:
— Бабуля, ну колькі можна… Навошта ў ХХІ стагоддзі мыць поліэтыленавыя пакеты? Толькі ванны пакой займаеш…
— Добра, унучак. Не буду болей. Ідзі ўжо, мый свае аднаразовыя маскі.
Або вось які: “З абмеркавання на форуме. Паламалася драцінка ў аднаразовай масцы. Парайце, можна неяк падладзіць? Ці выкідаць давядзецца?”
Тут бы ўсміхнуцца з даведзенага да абсурду перабольшвання (увогуле ўласцівага жанру). Але нельга не адзначыць і назіральнасці тых, хто такія анекдоты выдумляе. Бо не так і рэдка мае месца “аднаразовая маска шматразовага выкарыстання”. Нямала хто носіць яе дзеля праформы: інакш не пусцяць ва ўстанову ці грамадскі транспарт, адмовяцца абслугоўваць у краме. А колькі дзён ці тыдняў тая маска валяецца ў кішэні, вядома толькі яе гаспадару.
Між тым фармальнае выкарыстанне сродкаў індывідуальнай аховы зможа падмануць навакольных, але ад інфекцыі не абароніць. Дык што ж штурхае так рабіць? Мяркую, найперш спадзяванне, што ўсё абыдзецца. А таксама стомленасць ад мер прафілактыкі і жаданне “забіць” на перасцярогу.
— Людзі па-рознаму жывуць, — выказвае сваю думку сяброўка (тая самая, што мае маскі пад колер кожнай сукенкі). — Магчыма, для кагосьці гэта пытанне эканоміі…
Калі для некага прычына ў гэтым, дык ёсць добрая навіна: маскі цяпер каштуюць менш, чым вясной. Учора купіла ўпакоўку аднаразовых — атрымалася 20 капеек за штуку. Параўнайце з іншымі цэнамі. Напрыклад, білет на адну паездку ў гарадскім аўтобусе каштуе 70 капеек. Бохан хлеба — наўрад ці абыдзецца танней за 6 масак. А за адзінку “вадкай валюты” (яе кошт для некага вызначальны) масак атрымаецца не менш за 35.
Усё роўна дорага? Можна карыстацца шматразовымі. Іх пры ўмове мыцця пры не ніжэйшай за 60О тэмпературы з наступным прасаваннем можна выкарыстоўваць досыць доўга. Але ўсё ж не бясконца. Бо якая тканіна вытрымае больш за месяц штодзённага мыцця і прасавання? Тут нават да спецыяліста санэпідэмслужбы па параду хадзіць не трэба, жыццёвая логіка падказвае: маска сваё адслужыла, калі зрудзела і свіціцца або гумкі расцягнуліся і не забяспечваюць шчыльнага прылягання.
…І ведаеце што заўважаю? Людзі, якія перахварэлі на COVID-19, мерамі перасцярогі не грэбуюць. На сабе ж адчулі: лепш надзець медыцынскую маску, чым кіслародную. Хоць таксама ведаюць, што сродкі індывідуальнай аховы не даюць гарантыі. Але калі іх не выкарыстоўваць, дык дакладна не дапамогуць.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц