На сустрэчу з дырэктарам фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Мядзел” Андрэем Русаком прыйшла якраз у час уборкі: у трэнажорнай зале пасля дэзынфекцыі з выкарыстаннем генератара гарачага туману памяшканне праветрывалі і мылі падлогу. Таму пытанне пра бяспеку наведвальнікаў, якое першым хацела задаць, адпала само сабой.

Пра асаблівасці працы ва ўмовах неспрыяльнай эпідсітуацыі расказвае дырэктар мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага комплекса Андрэй Русак

  • Так, мы запрасілі спецыялістаў з раённай ветстанцыі, каб яны правялі якасную дэзынфекцыю. Клапоцімся пра здароўе як наведвальнікаў, так і работнікаў цэнтра. Але, як самі разумееце, мы і іншыя спосабы апрацоўкі паверхняў выкарыстоўваем. Кожную гадзіну тэхперсанал працірае дэзынфекцыйнымі сродкамі дзвярныя ручкі, трэнажоры ў месцах кантакту з рукамі. А ўборка памяшканняў праводзіцца двойчы і з выкарыстаннем дэзсродкаў. Маем дазатары з антысептыкам на ўваходзе, каб кожны мог апрацаваць рукі і перад заняткамі, і пасля.
  • Як змяніўся рэжым работы ўстановы?
  • Закрылі вялікую гульнявую залу, бо зараз не праводзім масавых мерапрыемстваў. Закрыты і басейн, але яго закрыццё супала з заканчэннем сезону. Да нас можна наведацца ў трэнажорную залу і каб пагуляць у настольныя гульні: тэніс, більярд, настольны хакей. Тут можна пазбегнуць скучанасці і вытрымліваць неабходнае зараз дыстанцыяванне. Мы сочым, каб адначасова ў зале было не больш за пяць чалавек. Людзі да нас прыходзяць. А калі просім пачакаць, каб не было натоўпу, з разуменнем да гэтага адносяцца, чакаюць.
  • Кажуць, вы свае гасцінічныя нумары аддалі медыкам з цэнтральнай раённай бальніцы?
  • Гэта сапраўды так. Мы рады, што можам такім чынам аказаць ім дапамогу, бо зараз на медыкаў ускладзена вельмі важная задача ў барацьбе з каранавірускай інфекцыяй. Яны жывуць у самаізаляцыі, гэта значыць, што поўнасцю самі сябе абслугоўваюць: гатуюць ежу, прыбіраюць. У іх свой асобны ўваход з вуліцы (на здымку), і ніхто, акрамя іх, туды не мае права заходзіць. Пакоі знаходзяцца ў асобным крыле, і некалькі пераходаў, што злучаюць яго з дзеючымі памяшканнямі, пастаянна зачынены. Трэба разумець, што гэта здаровыя людзі, без сімптомаў рэспіраторных захворванняў. Вось толькі працуюць яны ў зоне павышанай рызыкі.

Пра асаблівасці працы ва ўмовах неспрыяльнай эпідсітуацыі расказвае дырэктар мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага комплекса Андрэй Русак

Аляксандр Астрэлін — урач-анастазіёлаг-рэаніматолаг цэнтральнай раённай бальніцы, які асэнсавана выбраў для сябе такі спосаб самаізаляцыі і жыве зараз у адным з гасцінічных пакояў фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Пра асаблівасці працы ва ўмовах неспрыяльнай эпідсітуацыі расказвае дырэктар мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага комплекса Андрэй Русак

Сустрэліся з ім незапланавана: Аляксандр у гэты дзень быў на выхадным і якраз вярнуўся з велапрагулкі. Сваё рашэнне жыць асобна ад сям’і пракаментаваў коратка:

  • У мяне трое малых дзяцей, таму не хочацца рызыкаваць іх здароўем. Сям’я знаходзіцца ў курортным пасёлку. Ужо паўтара тыдня не бачыўся з імі, толькі па відэасувязі. Жывём ізалявана, нікуды не ходзім, хіба ў магазін. Умовы добрыя, усяго хапае.

Яшчэ з адным урачом-анастазіёлагам-рэаніматолагам звязалася па тэлефоне. Гэта Аляксандр Сварцэвіч. Ён расказаў, што такія ўмовы самаізаляцыі таксама выбраў асэнсавана, бо дома, у Паставах, у яго малыя дзеці.

Іна ЯРЧАК.

Фота аўтара.