Ні прыступіць, ні пераступіць! Калі адрамантуюць прыступкі, якія вядуць да аддзялення па грамадзянстве і міграцыі

314

Вясновых перападаў тэмператур не вытрымалі прыступкі, якія вядуць да аддзялення па грамадзянстве і міграцыі: некаторыя рассыпаліся так, што і не ступіць. Толькі і сачы, каб з вышыні не пакаціцца ўніз.

Днямі перад прыступкамі з’явілася стужка, якая папярэджвае, што ўваход у будынак, дзе, акрамя так званага пашпартнага стала, месцяцца яшчэ некалькі структурных падраздзяленняў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, знаходзіц­ца з іншага боку.

Пацікавілася ў начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэя Мініча, калі адрамантуюць прыступкі, якія, па назіранні мядзяльчан, не так даўно рамантавалі.

— Так, прыступкі рамантавалі мінулым летам, не сышоў яшчэ тэрмін гарантыі на іх рамонт, — тлумачыць сітуацыю Андрэй Іванавіч. — Таму мы звярнуліся да падрадчыка, каб ён ухіліў свае недапрацоўкі. Якасць выкананых работ сапраўды не вытрымала выпрабаванне часам і ўмовамі надвор’я. Нам адказалі, што за адпаведныя работы будаўнікі возьмуцца, як толькі на дварэ будзе ўстойлівы “плюс”, што дазволіць больш увагі надаць якасці работ. Так што вымушаны чакаць. А ў людзей, якія наведваюцца ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцы, прашу прабачэння за нязручнасці. Пытанне трымаем на кантролі.

Іна ЯРЧАК. Фота аўтара.