Малако ад Рабылі

227

 Жd0b7d0b4d0b0d182d187d18bd186d0b0ЫХАРКА вёскі Задубенне Лідзія Сяргееўна Балкава — адна з самых актыўных малаказдатчыц Крывіцкага сельсавета. Штогод з яе падворка паступае да 5 тон малака высокай тлустасці. У мінулым жніўні, напрыклад, здала ў Нарацкі філіял 677 кілаграмаў. Дарэчы, задаволена тым, як разлічваюцца нарацкія вытворцы. Грошы за зда¬дзенае малако без затрымкі паступаюць на ашчадную кніжку, не бывае непаразуменняў з вызначэннем тлустасці. І малакавоз рэгулярна прыходзіць у вёску.
— Як быў жывы гаспадар, — расказвае Лідзія Сяргееўна, — мы трымалі шмат кароў. Адзін год аж 5 рагуль стаяла ў хляве. Мелі ўласны трактар з прыстасаваннямі, назапашвалі сена з участкаў, якія выдзяляла мясцовая гаспадарка. А яшчэ разрабілі ў пачатку 90-х 80 сотак кінутай зямлі. Малако здаваць дзяржаве выгадна, вось і займаліся мэтанакіравана гэтай справай.
Шэсць год як не стала гаспадара хаты Мікалая Васільевіча. Вядома ж, усе клопаты ляглі на жаночыя рукі, спраўляцца стала цяжэй. Ды і сама яна ўжо на пенсіі. Спачатку пакінула Лідзія Сяргееўна дзве каровы, а ў апошнія тры гады і ўвогуле трымае толькі адну.
— Але затое карова вельмі ўдойная, — з задавальненнем зазначае жанчына. — Быццам Бог, такім чынам, аддзячыў, за¬браўшы заўчасна мужа. Пасля расцёлу ў самую траву мая Рабыля дае больш за 30 літраў малака ў дзень. Такой спраўнай рагулі на ўсім маім веку не было. Канешне, і мукі ёй трэба даць, бульбачкі падкінуць, буракоў. А яшчэ вельмі карысныя гарбузы, спрыяюць росту малака. Некалі да 10 сотак імі засявалі.
Папытаўся, якім чынам зараз удаецца назапашваць ёй на зіму сена, калі няма побач на¬дзейнай апоры — дарагога ёй чалавека, спраўнага гаспадара…
— Ведаеце, пашчасціла тры гады таму набыць па аб’яве ў Габах сена ў рулонах і даволі танна. Яго і зараз яшчэ даядае мая Рабыля, да лета хопіць. У душы не раз дзякавала з гэтай нагоды тагачаснаму кіраўніцтву тамтэйшай гаспадаркі. Вядома, і тут на месцы трэба рупіцца. Наймаю людзей і абкошваю кінутыя ўчасткі. Прыязджае сын Анатоль на дапамогу. Не часта ўдаецца яму наведвацца ў Задубенне (працуе начальнікам медыцынскай службы ў адной з вайсковых часцей пад Мінскам), але калі бярэцца за работу — знак ёсць! І нявестка Алёна таксама ў баку ад гэтай справы не застаецца. Тым больш, што дзяўчына яна вясковая, з Пузыроў. Радуюся сваім унукам — Андрэю і Жэню. Вось дзеля дзяцей і завіхаюся. Хочуць уласнае жыллё набыць, і мой сціплы ўклад дарэчы.
— А як доўга яшчэ думаеце трымаць карову?
— Гадоў з пяць, калі будзе сена. Вядома, гатова за грошы набыць па памяркоўнай цане. У нашай гаспадарцы, напрыклад…
У Задубенні, як сказала Л. С. Балкава, засталося ўсяго 10 рагуль. А яшчэ гадоў шэсць таму было ў чатыры разы болей. Цяпер на пашу іх не ганяюць, а прывязваюць на прысядзібных участ¬ках тых пенсіянераў, якія ўжо самі не трымаюць кароў. І далейшая перспектыва нярадасная. Тым больш, заслугоўвае павагі праца тых, хто працягвае весці хатнюю гаспадарку, чый падворак дае канкрэтную аддачу. Сярод такіх і Лідзія Сяргееўна Балкава. Жанчына, якая ўмее і любіць працаваць на зямлі.
Аляксандр БЫКАЎ.
На здымку: Л. С. Балкава з вёскі Задубенне.
Фота Юліі Дзевялтоўскай.