«Ды глядзі, у палонку, сынку, не ўваліся», — радкі, з дзяцінства вядомыя кожнаму беларусу. Між тым з 1910 года, у якім іх напісаў Якуб Колас, нічога асабліва не змянілася. Варта было легчы снегу, як юнае смартфонавае пакаленне адарвалася ад гаджэтаў і высыпала на горкі і каткі. Продажы цюбінгаў і лядзянак б’юць рэкорды, задаволеныя прадаўцы падлічваюць выручку, а матулі — як і больш за стагоддзе таму — адпускаючы дзяцей пабавіцца на снезе ці лёдзе, з трывогай нагадваюць пра “толькі апраніся” ды “ў палонку не ўваліся”. Але жыццё паказвае: такога “інструктажу” ой як недастаткова…

…9 студзеня ў Мінску аўтамабіль таксі збіў дзіця, якое спускалася з горкі на санках. Паводле папярэдняй інфармацыі, 21-гадовы вадзіцель “Рэно” здзейсніў наезд на хлопчыка 2016 года нараджэння, які нёсся з горкі на санках-лядзянках. Малы шпіталізаваны. Урачы дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені. Абставіны інцыдэнту высвятляюцца.

…10 студзеня каля 19.49 у міліцыю звярнулася жыхарка пасёлка Дружны Пухавіцкага раёна. Паведаміла, што знік яе 10-гадовы сын. Днём хлопчык пайшоў катацца з горкі ў лесе ў суседнім пасёлку Свіслач з 14-гадовай дзяўчынкай. Яна вярнулася дадому, а хлопчык — не. На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група, супрацоўнікі міліцыі і па надзвычайных сітуацыях. З ачышчальнага калодзежа на версе горкі была адпампавана вада, пасля чаго выратавальнікі дасталі цела хлопчыка. Там жа была і яго шапачка, а побач з калодзежам — куртка і і пластыкавая лядзянка… Пухавіцкі райаддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 2 артыкула 428 (службовая халатносць, якая прывяла па неасцярожнасці да смерці чалавека). Вінаватыя службовыя асобы будуць знойдзены і пакараны. Ды толькі дзіця бацькам ужо ніхто не верне.

Што аб’ядноўвае гэтыя два страшныя выпадкі? Дзеці каталіся з горак, якія для гэтай мэты ўвогуле не падыходзяць. А калі так, дык рана ці позна быць бядзе.

Што ж павінны зрабіць бацькі, каб зімовыя забавы дзетак не прывялі да бяды? Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па надзвычайных сітуацыях Ірына КАРАПЕЦЯН падкрэслівае: “Бацькі павінны пераканацца, што схілы, на якіх катаюцца дзеці, бяспечныя: не занадта крутыя, без тэхнічных калодзежаў, знаходзяцца на закрытых ад транспарту пляцоўках, спуск не выходзіць на дарогу, вадаём, плот або дрэвы і г. д. Хрэстаматыйны прыклад “трошачкі на рэчцы ў санках паважуся” не разглядаецца ўвогуле: вадаём — не месца для катання. Нават проста быць ля яго без бацькоў дзецям нельга. Ну і, вядома, дашкалят і малодшых школьнікаў нельга адпускаць адных на горку. Нават на самую бяспечную”.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.