Каб не тая выпадковасць…

157

resize-of-p3100005ВЫРАТАВАЛЬНІК. Хто ён? На першы пог­ляд гэта дужы, разумны, самаадданы чалавек, які ў любой сітуацыі можа прыняць правільнае рашэнне. Ён гатовы рызыкаваць сваім жыццём дзеля выратавання іншага чалавека. І ў той жа час ён самы звычайны грамадзянін, які, як і многія суайчыннікі, спяшаецца на працу, клапоціцца пра сям’ю, даражыць калектывам, у якім служыць не першы год. Размова ідзе пра старшага вадзіцеля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2 г. п. Крывічы прапаршчыка унутранай службы Івана Іванавіча Гурло.

— Гэта адказны спецыяліст. 19 гадоў таму ён абраў для сябе прафесію выратавальніка. Набыты за гэты час вопыт нічым не заменіш. Пастаянна ў баявой гатоўнасці знаходзіцца ўся выратавальная тэхніка. Асабістым прыкладам натхняе падначаленых на бездакорнае выкананне службовых абавязкаў. Працуе над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства, узроўню фізічнай і баявой падрыхтоўкі. А яшчэ Іван Іванавіч добразычлівы чалавек. Ён у любую мінуту гатоў прыйсці на дапамогу таварышу, — так ахарактарызаваў
І. І. Гурло начальнік каравула капітан унутранай службы Аляксандр Станіслававіч Затрымайлаў.

— Стаць выратавальнікам — гэта мара з дзяцінства ці выпадковасць? — цікаўлюся ў Івана Іванавіча.

— Больш выпадковасць. Нарадзіўся і вырас у Крывічах. Тут вучыўся ў школе. Адначасова ў вучэбна-вытворчым камбінаце атрымаў прафесію шафёра. Затым была служба ў арміі. Там набыў вопыт і практычныя навыкі кіравання аўтамабілем, — расказвае
І. І. Гурло. — Вярнуўшыся дадому, два гады працаваў вадзіцелем у райспажыўсаюзе. Але мне хацелася чагосьці больш сур’ёзнага. Неяк зазірнуў да пажарных. Тут працавалі знаёмыя. Вось хлопцы і прапанавалі ўладкавацца да іх на службу. Крыху падумаў — і падаў заяву. Я вельмі ўдзячны Юрыю Іванавічу Гладкаму. Ён стаў маім настаўнікам і дарадцам. І зараз, нягледзячы на вопыт, часта звяртаюся да яго за той або іншай парадай. Ніколі не адмовіць.

— Ці памятаеце першы самастойны дзень працы?

— Ён застанецца ў маёй памяці надоўга. Прайшоў стажыроўку. Заступіў на дзяжурства ў якасці начальніка каравула. І трэба такому здарыцца, што менавіта ў гэты дзень адбыўся парыў на трубаправодзе, які праходзіць па тэрыторыі нашага раёна, — чую ў адказ. — Працавалі мы тады, не ведаючы стомы…

Зразумела, потым Івану Іванавічу неаднаразова даводзілася тушыць пажары, выратоўваць чалавечыя жыцці. Ён сцвярджае, што загаранні не падобныя адно на адно. Гатовым трэбна быць заўсёды. Калі здараецца выезд, не ведаеш, што цябе чакае наперадзе.

— З 1994 года па службовай лесвіцы І. І. Гурло дайшоў да старшага вадзіцеля. А што датычыць звання, то ад радавога — да прапаршчыка ўнутранай службы, — зазначае начальнік каравула.

— Ці многа людзей знаходзіцца ў вашым пад­парадкаванні? — пытаюся ў Івана Іванавіча.

— Тры чалавекі. Усе яны вадзіцелі. Пяць гадоў на гэтай пасадзе Дзмітрый Уладзіміравіч Шмігельскі. У Андрэя Уладзіміравіча Аўрэйцавіча за плячыма тры гады службы, а вось Арцём Уладзіміравіч Грышкевіч у калектыве першы год. Хлопцы адказныя, любяць тэхніку. А яна, дарэчы, служыць не адзін дзесятак гадоў. Скажам, у 2013 годзе аднаму з двух пажарных аўтамабіляў споўніцца 40 гадоў. Але дзякуючы старанням вадзіцеляў ён у любую мінуту гатовы да выканання баявой задачы, — адказвае суразмоўца. — Яшчэ ёсць у нас аўтамабіль «ГАЗ-66», які прызначаны для гаспадарчых патрэб.

Зразумела, што любы пажар лягчэй папярэдзіць, чым тушыць. Вось таму за Іванам Іванавічам, як і за іншымі супрацоўнікамі часці, замацаваны пэўныя населеныя пункты, дзе ён сустракаецца з людзьмі, праводзіць прафі­лактычную работу.

— Вёскі Няверы, Плашына, Баравікі, Уздрыгалавічы, частка Выгалавічаў і вуліца ў аграгарадку Крывічы замацаваны за мной, — ка­жа
І. І. Гурло. — Усяго 168 двароў. Два разы на год абавязкова сустракаюся з гаспадарамі, гутару
з імі на супрацьпажарную тэму, указваю на недахопы, якія трэба ўхіліць. Усё гэта дае пэўныя вынікі. Пажараў у апошнія гады стала менш.

Старанне і руплівасць выратавальніка не застаюцца незаўважанымі. Кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях неаднаразова адзначала яго падзякамі, граматамі, каштоўнымі падарункамі.

— Раней ці ўдзельнічалі ў рабоце раённага злёту перадавікоў галін народнай гаспадаркі Мядзельшчыны? — пытаюся ў прапаршчыка ўнутранай службы.

— Не. Сёлета ўпершыню давялося прысут­нічаць на такім форуме. Прыемна было чуць шчырыя словы падзякі ў свой адрас ад кіраўні­коў раёна. Буду прыкладаць максімум намаганняў, каб апраўдаць званне «Лепшага па прафесіі», — сказаў на развітанне Іван Іванавіч.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.