Каб навесці парадак на зямлі

342

Каб навесці парадак на зямліЗ мэтай удасканалення парадку ўліку і адчужэння пустуючых і трухлявых дамоў у Рэспубліцы Беларусь зменена заканадаўства. Адпаведны указ “Аб пустуючых і трухлявых дамах” пад нумарам 357 падпісаны Прэзідэнтам дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам 4 верасня 2018 года. У цэлым названы дакумент будзе садзейнічаць рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенні ўзорнага парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, запланаваных у рамках правядзення ў Беларусі 2018-2020 гадоў пад знакам Года малой радзімы.

Пракуратура раёна ў парадку нагляду за захаваннем законнасці прававых актаў правяла праверку выканання мясцовымі органамі ўлады, а таксама грамадзянамі патрабаванняў зямельнага заканадаўства на тэрыторыі Будслаўскага і Крывіцкага сельсаветаў.
Згодна з пунктам 3 Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” дзяржаўныя органы сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі арганізацыямі, незалежна ад форм уласнасці, павінны забяспечыць штогадовае абследаванне:
— аб’ектаў сацыяльна-бытавога і сацыяльна-культурнага прызначэння з прыняццем уласнікамі безадкладных мер па бяспечнай эксплуатацыі будынкаў, якія знаходзяцца ў аварыйным і трухлявым стане, у частцы выканання рамонтных работ альбо вынясення рашэнняў па іх зносе і ўтылізацыі;
— невыкарыстоўваемых капітальных пабудоў, будынкаў, збудаванняў, падвальных памяшканняў і гарышчаў, тэхнічных падполляў і паверхаў, дапаможных памяшканняў з інжынерным абсталяваннем шматкватэрных жылых дамоў, а таксама прыняцце ўласнікамі мер па абмежаванні доступу ў гэтыя памяшканні пабочных асоб і забеспячэнні іх эксплуатацыі ў адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі.
Разам з тым, пры наведванні ў ходзе праверкі агульнадаступных тэрыторый названых сельсаветаў устаноўлена, што прыведзеныя вышэй патрабаванні службовымі асобамі сельвыканкамаў выконваюцца не ў поўнай меры. У выніку гэтага засмечваюцца і забруджваюцца землі, пагаршаецца агульная экалагічная абстаноўка, а таксама эстэтычны выгляд населеных пунктаў. Асабліва шмат парушэнняў давялося ўбачыць на тэрыторыях ліквідаваных устаноў і арганізацый — Ілаўскага дома інвалідаў у в. Ілава Будслаўскага сельсавета і сельгасхіміі ў
в. Парубкі Крывіцкага сельсавета.
Зямельныя ўчасткі зарастаюць пустазеллем і хмызнякова-драўніннай расліннасцю. Частка старых пустуючых будынкаў разбурана, на іх месцы знаходзяцца звалкі будаўнічага смецця. Недабудаваныя памяшканні, а таксама многія з тых, якія не выкарыстоўваюцца, развальваюцца, знаходзяцца ў аварыйным стане. У некаторых з іх — несанкцыянаваныя кучы смецця. У асобных пабудовах дзверы і вокны адсутнічаюць альбо адчынены. Па гэтай прычыне туды ёсць свабодны доступ пабочных асоб. Пры такіх абставінах ствараецца рэальная пагроза для жыцця і здароўя людзей, асабліва непаўналетніх, якія могуць арганізаваць на ўказаных аб’ектах гульні.
Акрамя таго, праверкай устаноўлена, што практычна ва ўсіх населеных пунктах Будслаўскага і Крывіцкага сельсаветаў ёсць участкі з закінутымі нежылымі дамамі і іншымі гаспадарчымі пабудовамі, дзе не выконваюцца патрабаванні зямельнага заканадаўства. Аднак органамі мясцовай выканаўча-распарадчай улады не прымаюцца неабходныя меры па знаходжанні гаспадароў альбо па прызнанні пустуючых трухлявых дамоў безгаспадарчымі з наступным іх зносам і прывядзеннем зямельных участкаў у належны выгляд.
Выяўленыя парушэнні напрамую супярэчаць патрабаванням артыкулаў 70, 89 Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб зямлі”. Згодна з імі землекарыстальнікі абавязаны выкарыстоўваць участкі ў адпаведнасці з іх мэтавым прызначэннем і ўмовамі адводу. А таксама ажыццяўляць мерапрыемствы па ахове земляў, прытрымлівацца ўстаноўленых у адпаведнасці з названым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі тэрмінаў заняцця ўчасткаў, у тым ліку будаўніцтва на іх капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), а таксама іншых умоў іх адводу.
Землекарыстальнікі павінны праводзіць у межах дадзеных ім (якія знаходзяцца ў іх) участкаў наступныя мерапрыемствы па ахове земляў: добраўпарадкаваць і эфектыўна выкарыстоўваць, абараняць ад шкодных уздзеянняў, не дапускаць зарастання драўнінна-хмызняковай расліннасцю (насаджэннямі) і пустазеллем.
Асобы, якія не забяспечваюць адпаведны парадак на тэрыторыі сваіх домаўладанняў у населеных пунктах, а менавіта не прыбіраюць зямельныя ўчасткі ад пустазелля і кустоўя, утрымліваюць будынкі ў непрывабным выглядзе, не ажыццяўляюць іх абслугоўванне і рамонт, могуць быць прыцягнуты да адказнасці за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Пакаранне за яго — у выглядзе штрафу ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь.
Названыя парушэнні назіраюцца працяглы перыяд і дапушчаны ў тым ліку па прычыне адсутнасці патрэбнага кантролю за выкананнем названага заканадаўства з боку адказных службовых асоб як арганізацый, размешчаных на падведамаснай тэрыторыі, так і сельвыканкамаў.

І. МАЛАФЕЙ.
Пракурор раёна,
старшы саветнік юстыцыі