На Мядзельшчыне з 16 лістапада дзейнічае абавязковы масачны рэжым: дзе трэба насіць маскі і ці будуць штрафаваць за іх адсутнасць

926

У КРАІНЕ робяцца пэўныя захады, накіраваныя на папярэджанне распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі. Многія рэгіёны прынялі рашэнні аб увядзенні абавязковага масачнага рэжыму. У канцы мінулага тыдня такое рашэнне прынята і кіраўніцтвам сталічнай вобласці: з панядзелка на тэрыторыі Міншчыны ўведзены масачны рэжым.

— Барацьба за здароўе людзей у сітуацыі з пандэміяй каранавіру­са — гэта не толькі задача медыкаў, — падкрэсліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка ў сувязі з прынятым рашэннем. — У працэс трэба ўключыцца кожнаму. Нашы медустановы годна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, неабходных рэсурсаў хапае. Але і мы па­вінны адказна ставіцца да здароўя — як свайго, так і тых, хто побач, засцерагчыся, наколькі гэта магчыма, ад небяспечнай хваробы.

Анатолій Мар’янавіч патлумачыў, што штрафаваць за адсутнасць сродкаў індывідуальнай аховы ў грамадскіх месцах пакуль не будуць. Але адказнасць за адсутнасць масак у людзей панясуць кіраўнікі арганізацый, дзе было зафіксавана парушэнне.

У ахоўных масках людзі павінны знаходзіцца не толькі на сваіх працоўных месцах, але і ў магазінах, грамадскім транспарце, аб’ектах грамадскага харчавання (за выключэннем часу непасрэднага прыёму ежы). Не заходзьце без маскі ў аптэку, установу аховы здароўя, адміністрацыйныя будынкі, банкі, на пошту, ва ўстановы культуры і іншыя месцы, дзе немагчыма забяспечыць сацыяльнае дыстанцыяванне. Дарэчы, тут маюць права не абслугоўваць кліентаў, якія не выконваюць гэта правіла.

Каб прадухіліць распаўсюджанне каранавіруснай інфекцыі, у вобласці абмежавалі правядзенне спартыўных мерапрыемстваў, культурных, навуковых, рэлігійных і іншых масавых. Сітуацыя па за­хворванні COVID-19, а таксама іншымі рэспіраторнымі захворваннямі штодзень маніторыцца і аналізуецца.

Масачны рэжым будзе дзейнічаць да стабілізацыі эпідэмічнай абстаноўкі.

Іна Ярчак.

Фота БЕЛТА.