АДНОЙ з дзейсных мер па спыненні распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі, акрамя выканання патрабаванняў санэпідэмслужбы на працы, у жылых памяшканнях, месцах масавага знаходжання людзей, з’яўляецца адмаўленне ад непажаданых паездак за мяжу. Асабліва гэта датычыць краін, якія лічацца небяспечнымі ў плане захворвання на COVID-19.

Беларусь прымае неабходныя меры па прадухіленні завозу каранавіруснай інфекцыі з краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Менавіта на гэта і нацэлена адпаведная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 591 ад 13 кастрычніка 2020 года, якая ўносіць некаторыя змяненні ў прынятыя раней у сувязі з названай праблемай дакументы.

Зыходзячы з гэтага, Дзяржпагранкамітэт рэкамендуе грамадзянам нашай рэспублікі і замежным грамадзянам, якія пастаянна жывуць у Беларусі, адмовіцца ад паездак за мяжу. Асабліва ў сумежныя краіны па прычыне прагназуемага закрыцця імі сваіх межаў па аналогіі з дзеяннямі Літвы, якая спыняе пропуск іншаземцаў на ўезд і ўводзіць усеагульны каранцін да 29 лістапада 2020 года.

Дзяржпагранкамітэт таксама напамінае, што пры ўездзе ў Польшчу, Украіну, Латвію абавязковая самаізаляцыя на працягу 14 сутак. Аналагічныя абмежаванні, толькі цяпер на 10 дзён, дзейнічаюць пры вяртанні з-за мяжы ў нас. Прычым з усіх краін, якія ўключаны ў пералік дзяржаў, дзе зарэгістраваны выпадкі інфекцыі COVID-19.

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, за выключэннем тых, што пастаянна жывуць у Беларусі, якія прыехалі з краін, не ўключаных у названы вышэй пералік, пры перасячэнні Дзяржаўнай мяжы нашай рэспублікі павінны мець пры сабе арыгінал медыцынскага дакумента (на рускай, беларускай ці англійскай мовах), які пацвярджае адмоўны вынік лабараторнага даследавання на COVID-19. Адсутнасць такога дакумента з’яўляецца падставай для адмовы ва ўездзе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Кантроль за наяўнасцю адпаведнага медыцынскага дакумента праводзяць супрацоўнікі органаў пагранічнай службы, а ў пунктах пропуску, дзе пагранічны кантроль ажыццяўляецца мытнымі органамі, — службовыя асобы мытных органаў. Яны ж выдаюць асобам, якія вярнуліся ў Беларусь з краін, уключаных у пералік дзяржаў, дзе зарэгістраваны выпадкі інфекцыі COVID-19, анкету прыбыўшага па форме, устаноўленай Міністэрствам аховы здароўя, і кантралююць паўнату яе запаўнення. Акрамя таго, пры неабходнасці выдаюць асобам, якія прыбылі ў Беларусь, патрабаванне аб выкананні правіл паводзін у самаізаляцыі па форме, устаноўленай у дадатку 1 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2020 года № 208 “Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства”.

Парадак узаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый па забеспячэнні выканання мер самаізаляцыі асобамі, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь, вызначаецца Міністэрствамі аховы здароўя і ўнутраных спраў і Дзяржаўным пагранічным камітэтам.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц