НАСІЦЬ ці не маску на вуліцы і ў грамадскіх месцах? Якую выбраць — аднаразовую або шматразовую? Як часта мяняць? З гэтымі пытаннямі збольшага разабраўся кожны,
прыслухоўваючыся да рэкамендацый медыцынскіх работнікаў. А ці задаваўся хто-небудзь пытаннем як утылізаваць выкарыстаную маску?

Задумалася над гэтым, убачыўшы аднаразовую маску, якая ляжала проста пасярэдзіне тратуара, а потым яшчэ адну, па памылцы ці не, кінутую міма скрыні для смецця ля пад’езда. Чамусьці грэблівае пачуццё яны выклікалі нават большае, чым недакуркі нядбайных курцоў, якія лічаць адной вялікай грамадскай попельніцай усё, што за межамі іх уласнай кватэры.

А сапраўды — ці трэба прымаць нейкія дадатковыя меры для ўтылізацыі сродкаў інды­відуальнай аховы? Напрыклад, у медыцынскіх установах іх утылізацыя строга рэгламентавана, на гэты конт ёсць інструкцыі, і ні адна маска ці пальчаткі не змогуць апынуцца ў адным кантэйнеры разам з бытавымі адходамі. Але ж у лю­дзей спецыяльных абеззаражваючых боксаў дома няма. Дык што ж рабіць?

— Выкарыстаныя медыцынскія маскі, якія прымяняюцца ў мэтах абароны ад каранавіруснай інфекцыі, можна ўтылізаваць разам са звычайнымі бытавымі адходамі, — заявіла ў тэлеінтэрв’ю прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Меліта Вуйновіч. — Выкарыстаныя маскі нясуць пэўную небяспеку толькі ў той момант, калі здымаюцца, а пасля нейкага часу — практычна не.

Пры гэтым прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя рэкамендуюць у хатніх умовах збіраць выкарыстаныя медыцынскія маскі ў асобны пакет (пажадана герметычны) і выкідваць разам з іншым смеццем. Не варта выкідваць маску на вуліцы ў скрыню для смецця, папярэдне не спакаваўшы, — па прычыне ветру яна можа пачаць “гуляць” па вуліцах. Пажадана заўсёды насіць з сабой цэлафанавы пакет, які варта шчыльна завязаць, утылізуючы сродак аховы.

Пра асноўныя правілы, як апранаць, выкарыстоўваць, здымаць і ўтылізаваць аднаразовую маску, мы папрасілі нагадаць урача-гігіеніста Мядзельскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярыну Курачкіну. Яна акрэсліла некалькі момантаў:
— перад тым, як надзець маску, апрацуйце рукі спіртаўтрымліваючым сродкам або вымыйце іх з мылам;
— надзеньце маску так, каб яна закрывала нос і рот без зазораў паміж тварам і маскай;
— не дакранайцеся да маскі падчас выкарыстання; у выпадку дотыку апрацуйце рукі спіртаўтрымліваючым сродкам або вымыйце іх з мылам;
— як толькі маска становіцца сырой, замя­ніце яе на новую; не выкарыстоўвайце аднаразовыя маскі паўторна;
— здыміце маску, трымаючыся за завязкі (не датыкаючыся да пярэдняй часткі маскі), адразу ж выкідвайце ў кантэйнер з накрыўкай, апрацуйце рукі спіртаўтрымліваючым сродкам або вымыйце іх з мылам.

Марына ПУЦЭЙКА.

Фота з сайта minsknews.by