Усміхайцеся на здароўе

226

Усміхайцеся на здароўеЯКІМІ б навакольнымі шляхамі вы не абыходзілі кабінет стаматолага, рана ці позна ўсё роўна давядзецца звярнуцца да ўрача. І лепш, калі гэта будзе бяскрыўдная кансультацыя тэрапеўта, чым ужо радыкальнае ўмяшанне хірурга ці артапеда.

Дык вось, каб у трыццаць год не давялося асляпляць штучнай усмешкай — беражыце тое, чым надзяліла вас прырода. Удзяляйце сваім зубам не менш увагі, чым валасам ці твару, сэрцу ці ныркам. Кожныя паўгода наведвайце стаматолага, кожную раніцу і вечар — ванны пакой. Дарэчы, існуюць тры метады прафілактыкі карыесу зубоў і хвароб перыядонта. Першы — гігіена рота. Догляд за ротавай поласцю павінен ажыццяўляцца з моманту нараджэння дзіцяці. Спачатку трэба ачышчаць яе ад рэшткаў ежы, а са з’яўленнем першых зубоў 1-2 разы на дзень праціраць іх вільготнай сурвэткай. З праразаннем карэнных зубоў на дапамогу прыходзяць шчотка і паста. Вядома ж, у першыя гады жыцця справіцца з імі дапамагаюць дарослыя, а ў гадоў 5-6 дзіця павінна чысціць зубы самастойна.

Але нават самых адказных адносін да чысткі зубоў не дастаткова, каб усмешка была здаровай. Вынік здольна паказаць толькі зладжанае трыа метадаў прафілактыкі, сярод якіх — выкарыстанне фтарыдаў і рацыянальнае харчаванне. Што датычыцца першага, то карыстайцеся зубной пастай, якая ўтрымлівае фтор, і паклапаціцеся, каб на вашай кухні заўсёды была фтарыраваная соль (фтарыраваная, а не ядзіравана-фтарыраваная). А вось у агучванні трэцяга метаду, трэба ўступіць у спрэчку з дыетолагамі, якія паўсюдна выступаюць за дробнае харчаванне. Праўда, яны клапоцяцца пра стройную фігуру, мы — пра здаровыя зубы. Дык вось, калі вы за прыгожую ўсмешку — то не ўжывайце вугляводы часцей, чым пяць разоў на дзень.

С. КАЗЛОЎ.

Урач-стаматолаг.