Прышчэпка ад каранавіруснай інфекцыі: эфектыўнасць, супрацьпаказанні і як яе праводзяць

399

У БЕЛАРУСІ пачалася кампанія па правядзенні прышчэпак ад каранавіруснай інфекцыі. Больш падрабязна гутарым пра гэта з урачом-афтальмолагам (загадчыкам) паліклінікі ўстановы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” Наталляй ПАБЯДЗІНСКАЙ.

— Першы этап масавых прышчэпак ад каранавіруса пачаўся, як ведаем, у студзені, калі ў краіну была дастаўлена першая буйная партыя расійскай вакцыны “Спутник V”. Дарэчы, яна адзіная з вакцын, якая мае афіцыйны статус у Беларусі на цяперашні час. На першым этапе Міністэрства аховы здароўя плануе прышчапіць найбольш уразлівыя катэгорыі насельніцтва, да якіх адносяцца медыкі, педагогі, работнікі гандлю і транспарту. Але для іншых групп насельніцтва прышчэпка абсалютна даступная і на цяперашні час бясплатная. Бо масавая імунізацыя, па меркаванні медыкаў, з’яўляецца найважнейшым кампанентам у барацьбе з эпідэміялагічным працэсам і зможа спыніць пандэмію.

— Дзе праводзяцца прышчэпкі ад каранавіруса?

— У першую фазу масавай вакцынацыі прышчэпкі праводзяцца на базе дзяржаўных медыцынскіх устаноў — паліклінік, бальніц, шпіталяў. У нас у раёне — у паліклініцы цэнтральнай раённай бальніцы. “Спутник V” — двухфазная вакцына. Ін екцыю праводзяць у перадплечча. Другая фаза пры адсутнасці супрацьпаказанняў наступае на 21-я суткі пасля першай. Пацыента перад правядзеннем вакцынацыі абавязкова абследуе ўрач агульнай практыкі ці ўчастковы тэрапеўт. Ён тлумачыць супрацьпаказанні. Папярэджвае пра магчымую пабочную рэакцыю на прышчэпку. Мерыць тэмпературу, ціск. Пацыент падпісвае дакумент на добраахвотную ін екцыю, і толькі пасля гэтага яму робіцца прышчэпка. Праўда, яшчэ 30 хвілін пасля яе за чалавекам назірае ўрач, бо менавіта на гэтым прамежку часу могуць з’явіцца пабочныя эфекты.

— Наталля Мікалаеўна, наколькі сур ёзнымі могуць быць пабочныя эфекты?

— Не большымі, чым пры любой іншай вакцынацыі. Усё залежыць ад стану здароўя пацыента, яго ўзросту, імунітэту. Хтосьці можа адчуць лёгкае недамаганне, а для кагосьці гэта звычайны ўкол і нічога больш.

— Наколькі вакцына эфектыўная?

— Эфектыўнасць вакцыны ацэньваецца ў 91,4%. Гэта працэнт людзей, у якіх пасля прышчэпкі выпрацоўваюцца антыцелы ў дастатковай колькасці.

— Якія існуюць супрацьпаказанні да вакцынацыі ад каранавіруса?

— Гэта вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя хваробы, абвастрэнне хранічных захворванняў, пад ём тэмпературы ў дзень прышчэпкі да 37 градусаў і вышэй, узрост да 18-ці год, гіперадчувальнасць да якога-небудзь кампанента вакцыны. А яшчэ яе непажадана прымяняць у адносінах да цяжарных жанчын і падчас перыяду кармлення дзіцятка грудзьмі. Другі кампанент вакцыны “Спутник V” супрацьпаказаны, калі на першым этапе ўвядзення прэпарата мелі месца ўскладненні.

— Ці патрэбна рабіць прышчэпку людзям, якія перахварэлі каранавірус?

— Вакцынацыю можна рабіць і людзям, якія перахварэлі каранавіруснай інфекцыяй за шэсць месяцаў да прышчэпкі. Даведацца пра наяўнасць антыцел дапаможа экспрэс-тэст. А прайсці яго можна па сваім жаданні ў паліклініцы на платнай аснове. Прычым вынік будзе вядомы ўжо праз 30 хвілін.

— Якім пацыентам трэба аднесціся да вакцынацыі асцярожна?

— Тым, у каго хранічныя захворванні печані і нырак, цукровы дыябет, цяжкія захворванні сістэмы крывятварэння, эпілепсія, інсульт, захворванні цэнтральнай нервовай сістэмы і сардэчна-сасудзістай, першасныя і другасныя імунадэфіцыты, аўтаімунныя захворванні, захворванні лёгкіх, астма, метабалічны сіндром, алергічныя рэакцыі, атапія, захворванні скуры тыпу экзэмы. Дарэчы, супрацьпаказанні да правядзення прышчэпкі вызначае толькі ўрач.

— Навошта рабіць прышчэпку?

— Найперш для таго, каб не захварэць самому і не заразіць іншых. Спецыялісты ўжо запэўніваюць, што вакцынацыя, магчыма, будзе штогадовай, як і ад грыпу.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове здароўя” гаворыць пра добраахвотнасць вакцынавання. Аднак як спецыяліст пераканана, што прышчэплівацца трэба, бо толькі дзякуючы масавай імунізацыі можна будзе паставіць заслон гэтай небяспечнай хваробе. Хачу нагадаць, што для вызначэння колькасці ахвотных вакцынавацца на сайтах цэнтральнай раённай бальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі размешчаны анкеты, якія дазваляюць правесці такое апытанне. Дарэчы, спасылка на анкетаванне ёсць і на сайце раённай газеты. Запісацца на прышчэпку можна і ў рэгістратуры паліклінікі ЦРБ альбо па месцы жыхарства ва ўрача агульнай практыкі ці ўчастковага тэрапеўта. Карыстаючыся выпадкам, хачу нагадаць пра меры
перасцярогі, якія ніхто не адмяняў і якімі не трэба пагарджаць — пра той жа масачны рэжым, частую апрацоўку рук дэзынфекцыйнымі сродкамі, захаванне сацыяльнага дыстанцыявання, рэспіраторнага этыкету. Часцей неабходна праветрываць памяшканні і захоўваць іх у чысціні. Беражыце сябе і іншых!

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.