Небяспечная рызыка

211

Небяспечная рызыкаНАША вобласць з’яўляецца трэцім рэгіёнам краіны па колькасці зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (на 1 кастрычніка гэтага года зафіксаваны 2123 выпадкі ВІЧ-інфекцыі) пасля Гомельскай (7390 выпадкаў) і г. Мінска (2182 выпадкі) і другім пасля Гомельскай вобласці па паказчыку распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі. На пачатак кастрычніка паказчык распаўсюджвання ў Мінскай вобласці на 100 тысяч насельніцтва склаў 126,3. Аналагічны паказчык па рэспубліцы, па Гомельскай вобласці — 379,4 на 100 тысяч насельніцтва.

Выпадкі ВІЧ-інфекцыі зарэгістраваны ва ўсіх раёнах вобласці. Найбольшая колькасць (1179) — у Салігорскім раёне, што складае 55,5 % ад агульнай колькасці выпадкаў у вобласці, 177 — у Слуцкім, 163 — у Мінскім, 138 — у Барысаўскім раёнах.ВІЧ і СНІД — гэта розныя, але ўзаемазвязаныя паняцці. СНІД — сіндром набытага імунадэфіцыту чалавека, апошняя стадыя ВІЧ-інфекцыі, выкліканай вірусам імунадэфіцыту чалавека. Таму нельга казаць пра любога ВІЧ-станоўчага чалавека як пра хворага на СНІД.

СНІД — гэта зваротны стан: пры прымяненні антырэтравіруснай тэрапіі канцэнтрацыя віруса ў крыві памяншаецца, колькасць імунных клетак павялічваецца і стан чалавека пераходзіць у бессімптомную стадыю, таксама зніжаецца рызыка перадачы віруса. Такім чынам, ВІЧ-станоўчы чалавек можа жыць паўнавартасным жыццём.

Вірус імунадэфіцыту чалавека не жыццяздольны ў навакольным асяроддзі: трапляючы на адкрытае паветра, гіне праз некалькі секунд. Аднак, у выкарыстаных шпрыцах вірус можа жыць на працягу некалькіх дзён за кошт парэштак крыві, якія засталіся ў іголцы.

Трапляючы ў крываток чалавека, ВІЧ пашкоджвае імунныя клеткі: Т-лімфацыты і макрафагі. Пранікаючы ўнутр гэтых клетак, ён пачынае размнажацца, скарачаючы тэрмін жыцця лімфацытаў, зніжаючы здольнасць арганізма супрацьстаяць розным захворванням. Калі ігнараваць меры барацьбы з ВІЧ, то праз 10-15 (часам да 20) год развіваецца СНІД. Чалавек робіцца падатлівым на многія інфекцыі, якія для людзей з добрым імунітэтам не ўяўляюць небяспекі, а чалавека са СНІДам прыводзяць да смерці.

Сёння існуе шэраг прэпаратаў, якія дапамагаюць ВІЧ-станоўчаму чалавеку захаваць нармальны ўзровень імуннай абароны і папярэджваць наступленне стадыі СНІДу на працягу доўгага часу.

Шляхі перадачы ВІЧ:

— ужыванне ін’екцыйных наркатычных сродкаў — вірус трапляе праз кроў, калі шпрыц выкарыстоўваўся неаднаразова;

— палавы шлях перадачы ВІЧ падчас неабароненага сексуальнага кантакту — калі вірус, які ўтрымліваецца ў сперме ці выдзяленнях похвы, трапляе ў крываток праз мікратрэшчыны ў слізістай абалонцы. Папярэдзіць перадачу віруса можна, адмовіўшыся ад сексуальных кантактаў з рознымі партнёрамі (захоўваць вернасць аднаму партнёру) ці выкарыстоўваючы прэзерватыў. Перапынены палавы акт зніжае верагоднасць перадачы віруса, але не адмаўляе яе. Перадача ВІЧ падчас аральнага сексу тэарэтычна верагодна толькі пры наяўнасці пашкоджанняў на слізістай абалонцы ў роце. У сувязі з анатамічнымі асаблівасцямі верагоднасць перадачы віруса ад мужчыны жанчыне ў два разы вышэй, чым наадварот;

— перадача ВІЧ падчас цяжарнасці. Кроў дзіцяці і маці не змешваюцца, але паміж арганізмамі пастаянна адбываецца абмен разнастайнымі рэчывамі. Звычайна вірус не можа пераадолець плацэнтарны бар’ер, аднак бываюць выключэнні падчас розных паталогій. Сучасная тэрапія дазваляе знізіць рызыку заражэння дзіцяці і ў ВІЧ-станоўчай маці. Праходзячы праз родавыя шляхі, дзіця кантактуе са слізістымі абалонкамі маці. Вірус можа трапіць у арганізм нованароджанага. Таму выкарыстоўваюць пэўныя метады родадапамогі, з прызначэннем спецыяльных супрацьвірусных прэпаратаў. Іх даюць жанчыне да родаў, падчас родаў і нованароджанаму. Каб пазбегнуць перадачы віруса дзіцяці, неабходна перайсці поўнасцю на штучнае кармленне.

ВІЧ не перадаецца:

— падчас бытавых кантактаў паміж людзьмі, праз рукапацісканні і абдымкі, сліну, пацалункі, мачу, кал, пот, слёзы. Непашкоджаная скура з’яўляецца непераадольнай перашкодай для віруса;

— падчас сумеснага выкарыстання ваннага пакоя і туалета;

— падчас сумеснага выкарыстання сталовых прылад, посуду;

— па паветры, падчас сумеснага карыстання мэбляй, тэлефоннай трубкай і г. д.;

— праз укусы насякомых.

Як даведацца пра свой ВІЧ-статус?

Даведацца пра свой ВІЧ-статус можна, здаўшы тэст на ВІЧ. Прайсці тэсціраванне можна практычна ў любой лячэбна-прафілактычнай установе краіны. Заканадаўства гарантуе кожнаму грамадзяніну магчымасць бясплатна і ананімна здаць такі тэст.

Прайсці тэсціраванне на ВІЧ ці не — вырашае кожны сам, але чалавек можа нават не падазраваць, што з’яўляецца носьбітам ВІЧ, і такія выпадкі ёсць. Сітуацыя няведання вельмі небяспечная тым, што чалавек не можа абараніць ад перадачы віруса блізкіх і паклапаціцца пра сваё здароўе, своечасова пачаўшы прымаць спецыяльную тэрапію. Ведаць свой ВІЧ-статус гэтак жа натуральна, як і ведаць пра іншыя хранічныя захворванні.

Працэдура здачы аналізу.

Такая працэдура аднолькавая не залежна ад таго, ананімна яе робяць ці не. Спачатку запаўняецца бланк (ананімны ці не), затым адбываецца забор крыві з вены ў аб’ёме трох мілілітраў. Увесь інструментарый стэрыльны і аднаразовы.

Перад аналізам можна папрасіць урача расказаць, у чым сутнасць аналізу і якія бываюць вынікі тэсту. Урач можа на падставе вашага расказа пра канкрэтную сітуацыю ацаніць верагоднасць рызыкі перадачы ВІЧ. Пасля атрымання вынікаў тэсту таксама варта пагутарыць з урачом. Як правіла, абмяркоўваецца атрыманы вынік і неабходныя дзеянні. Кансультацыя ананімная.

Н. КОРШУН.

Загадчык інфекцыйнага аддзялення Мядзельскай ЦРБ.