На перадавой барацьбы з каранавірусам — малады ўрач Таццяна Абалевіч

866

У сувязі з распаўсюджаннем каранавіруснай інфекцыі мы ўсе прыйшлі да асэнсавання важнасці ролі медыцынскіх работнікаў. Менавіта яны прынялі асноўны ўдар падчас першай хвалі эпідэміі, на перадавой яны і зараз. Мы — грамадзяне — як дылетанты разважаем пра COVID-19, як яго лячыць, як выяўляць і гэтак далей. А урачы не разважаюць, яны — лечаць. Прычым, як пераканалася на прыкладзе з Таццянай Абалевіч, не шкадуючы асабістага часу і рызыкуючы здароўем.

Таццяна Абалевіч — урач агульнай практыкі на пасадзе участковага ўрача цэнтральнай раённай баль­ніцы. З першага разу ні пагаварыць, ні сустрэцца не атрымалася. Яе калегі паведамілі, што дзяўчына адпачывае пасля начнога дзяжурства і паўдня змены на прыёме хворых. “Ну і нагрузка!” — падумалася. Таму гатова была ўбачыць на ўрэшце дамоўленай сустрэчы стомленую і раздражнёную дзяўчыну. Але раздражнёнай убачыла толькі скуру на твары Таццяны ад нашэння сродкаў індывідуальнай аховы. “Вось такі пабочны эфект маю. Непрыемна, канечне, але нічога страшнага”, — пракаментавала яна. У астатнім жа пазітыўная, вельмі энергічная і кампетэнтная.

Трэці год пайшоў, як Таццяна Абалевіч працуе ўрачом. Вучыцца б яшчэ, вопыту ад калег набірацца, але каранавірус пры­значыў сапраўднае выпрабаванне на прафпрыдатнасць і адданасць справе.

— Калі было цяжэй: вясной ці зараз, падчас другой хвалі каранавіруса? — пытаюся ў ма­ладога ўрача.

— З аднаго боку — вясной. Мы не ведалі, як каранавірус уздзей­нічае на арганізм, якія наступствы мае, якія прагнозы ў сувязі з гэтым будаваць. Усё для нас было новым. Але і хворых было менш. А зараз мы назіраем, што каранавірус “шукае” слабінкі ў арганізме чалавека, і ў выніку з’яўляюцца ўскладненні.

— Ці можаце “на вока” вызначыць хворага на каранавірус?

— “На во­ка”, напэўна, не. Але калі чалавек не рэагуе на пах аміяку (толькі вочы слязяцца), то, хутчэй за ўсё, у яго каранавірус. Да гэтага далучаецца звычайна яшчэ невысокая тэмпература цела, пяршэнне ў горле, пакашліванне. Больш сур’ёзныя сімптомы — запаленне лёгкіх, аб якім сведчаць здымкі, нізкая сатурацыя (узровень насычанасці кіслародам) крыві. Пацыенты з цяжкімі сімптомамі патрабуюць лячэння ў стацыянары…

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 2.12

Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.