“Карона” малому не да твару — гутарка аб прафілактыцы заражэння каранавірусам дзяцей і асаблівасцях іх лячэння

530

АБ прафілактыцы заражэння каранавірусам COVID-19 дзяцей і асаблівасцях  іх лячэння гутарым з урачом-педыятрам (раённым) цэнтральнай раённай бальніцы Людмілай ТОНКАВІЧ.

— Людміла Эдуардаўна, што могуць зрабіць бацькі, каб дзіця не захварэла на каранавірус?

— Важнае значэнне мае прафілактыка. У тым ліку рэгулярна праветрываць і прыбіраць памяшканне. І дзецям, і дарослым варта часцей мыць рукі або апрацоў­-
ваць іх дэзынфекцыйнымі сродкамі. Пазбягаць людскіх натоўпаў. Калі ж апошняе немагчыма, карыстацца маскай. Важна насіць яе правільна, каб поўнасцю закрывала дыхальныя шляхі. На дварэ можна быць без маскі. А вось у месцах масавага знаходжання людзей яе здымаць нельга.

— Але ж на зусім малое дзіця маску, напэўна, не надзенеш?

— Сапраўды, гэта складана. Праўда, некаторыя бацькі ўсё ж спрабуюць: акуратна падвязваюць гумкі і надзяюць на малое маску. Мы ж увогуле не рэкамендуем з дзецьмі наведваць шматлюдныя месцы: магазіны, аптэкі, банкі і гэтак далей. Патранаж малых да года ажыццяўляем надомна. Калі ім ўсё ж трэба наведаць паліклініку (напрыклад, каб зрабіць прафілактычную прышчэпку), стараемся, каб гэта было максімальна бяспечна. Здаровае дзіця не павінна кантактаваць з хворымі, тут не толькі пра каранавірус гаворка. Таму загадзя кажам бацькам, калі прыйсці, каб не сядзець у чарзе і адразу трапіць у кабінет здаровага дзіцяці.

Што датычыць нашэння маскі ў садку або ў школе, дык тут не ўсё так адназначна. Па-першае, дзіцяці складана прабыць у ёй цэлы дзень. Па-другое, некаму б давялося ўвесь час сачыць, каб маскі былі правільна надзеты і своечасова мяняліся: разлічаны ж яны максімум на дзве гадзіны. Наўрад ці гэта магчыма. Так што тут бацькі самі вырашаюць. Ва ўстанове адукацыі ў любым выпадку бяспечней, чым, напрыклад, у перапоўненым грамад­скім транспарце. Бо пры ўваходзе ў садок ці школу ўсім вымяраюць тэмпературу, і калі яна павышана, дзіця або дарослы туды не трапіць.

— А калі сімптомы вострага рэспіраторнага захворвання ўсё ж з’явіліся? Як зразумець, ці не COVID-19 гэта?

— Адразу спецыфічныя сімптомы каранавіруса звычайна не праяўляюцца. Пачынаецца ўсё як звычайнае вострае рэспіраторнае захворванне: павышаецца тэмпература, з’яўляюцца катар, кашаль. І толькі пазней можа знікнуць адчуванне паху і смаку. Пры сімптомах вострага рэспіраторнага захворвання лепш выклікаць урача дадому. Гэта дазволіць абмежаваць кантакты вашага дзіцяці. І толькі калі ўрач палічыць патрэбным зрабіць здымак, хворага трэба будзе даставіць ва ўстанову аховы здароўя.
Трэба сказаць, што бацькі цяпер па-добраму насцярожаныя, самалячэннем ніхто не займаецца.

— Ёсць меркаванне, што дзеці хварэюць на каранавірус лёгка. Ці праўда?

— Праўда. Хвароба ў дзяцей звычайна працякае лёгка або ўвогуле бессімптомна. Таму і лечацца яны дома з абавязковай самаізаляцыяй. Створаны кантактныя групы медработнікаў, якія наведваюць такіх дзяцей.

— Людміла Эдуардаўна, што б хацелі сказаць дзецям і іх бацькам?

— Хацела б пажадаць ім берагчы сябе і сваіх родных. Часта мы думаем, што хвароба не закране нас. Маўляў, гэта можа быць у суседа, аднаклас­ніка, сябра ці сяброўкі… Трэба ставіцца да свайго здароўя адказна, выконваць меры перасцярогі. Ну а калі ўсё ж захварэлі — звяртайцеся да ўрача.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.