І словы ўдзячнасці ад пацыентаў

228

І словы ўдзячнасці ад пацыентаўГАРТАЮЧЫ рэдакцыйную пошту, нескладана заўважыць, што найбольшую колькасць пісем са словамі ўдзячнасці і шчырымі пажаданнямі ўсяго самага найлепшага жыхары нашага раёна адрасуюць медыцынскім работнікам. І гэта цалкам заканамерна: няма на свеце справы больш важнай, чым барацьба за жыццё і здароўе чалавека. На працягу многіх гадоў жыхары Княгінінскага сельсавета звяртаюцца за медыцынскай дапамогай у сваю амбулаторыю, дзе працуе дружны і зладжаны калектыў на чале з урачом-тэрапеўтам Алай Кудашовай. Усе медыкі амбулаторыі выдатна ведаюць сваю справу і маюць значны працоўны вопыт. Сярод іх фельчар Іна Антановіч. Як сцвярджаюць самі пацыенты, мясцовы фельчар — гэта лепшая «хуткая дапамога» для кожнага вясковага жыхара. Яна заўсёды валодае ўсёй неабходнай інфармацыяй пра здароўе кожнага свайго пацыента. Дзіўнага ў гэтым нічога няма — у вёсцы кожны чалавек на віду.

— Сапраўды, дзейнасць фельчара — шматпрофільная, — пагаджаецца Іна Рамуальдаўна.

Разам з урачом-тэрапеўтам Алай Васільеўнай праводзіць прыём пацыентаў, наведвае хворых надомна, у сферы яе абавязкаў таксама — кантроль за здароўем цяжарных жанчын і малышоў: прафілактычная работа з насельніцтвам. Ін’екцыі, перавязкі. Ды хіба ўсё пералічаш?! Вельмі многа, як кажуць, папяровай работы. Розныя справаздачы…

Нарадзілася і вырасла Іна ў вёсцы Вераб’і. Пасля заканчэння школы паступіла ў Барысаўскае медыцынскае вучылішча. Па размеркаванні трапіла ў Быхаўскі раён. Але моцна хварэла маці. Таму і паехала дзяўчына на радзіму. Галоўным урачом Мядзельскай ЦРБ тады працаваў Іван Балашка, які накіраваў Іну ў Княгінінскую амбулаторыю. Было гэта ў 1991 годзе. Менавіта тады і зрабілі першы запіс у яе працоўнай кніжцы.Да роднай вёскі даехаць было не складана. Тут выйшла замуж, нарадзіла сыноў. Былі нязначныя перапынкі ў рабоце, але яны толькі дапамаглі зразумець вялікую прыхільнасць да сваёй прафесіі і тых людзей, якім патрэбна была яе дапамога і падтрымка.

— Раскажыце крыху пра сваю сям’ю? — прашу суразмоўцу.

— Муж Анатолій працуе на чыгунцы. Старэйшы сын Ігар вучыцца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Малодшы Віталій сёлета закончыў дзесяць класаў, — чую ў адказ.

— Можа ён пойдзе мамінай дарогай і звяжа сваё жыццё з медыцынай? — цікаўлюся.

— Напэўна не. Ён больш схільны да машын, тэхнікі, — усміхаецца жанчына. — Жывём разам са свекрывёй Ірынай Станіславаўнай. Гэта добры, шчыры, спагадлівы чалавек. Яна дапамагала гадаваць дзетак, упраўляцца па хатняй гаспадарцы. Раней мы і карову трымалі. А зараз свінні, куры. Але клопатаў хапае. Тыя ж градкі прапалоць. Трава расце як на дражджах…

Непакоіць Іну Рамуальдаўну тое, што Княгінін неспрыяльны па захворванні на туберкулёз.

— Многа жыхароў хварэюць таксама на артэрыяльную гіпертэнзію, — працягвае фельчар аб прафесійных праблемах. — Раней яна сустракалася не так часта і толькі ў людзей старэйшага пакалення. А сёння і моладзь пакутуе. Праблему, напэўна, трэба шукаць у ладзе жыцця. Занадта многа стрэсаў, мала звяртаем увагі на якасць прадуктаў харчавання. Адметна, што людзі старэйшага пакалення больш ашчадна ставяцца да свайго здароўя, і маладым трэба ў іх вучыцца.

Гутарку спыняе чарговы наведвальнік. Памераць артэрыяльны ціск зайшла пажылая жанчына.

— Ішла ў магазін, думаю, нельга не зайсці, — з парога апраўдваецца яна.

Атрымаўшы працэдуру, расказала, як растуць гарбузы, што нядрэнная капуста капуста. Запэўніла, што своечасова п’е лекі, таму і ціск трымаецца ў норме. Дачка звоніць, не дае забыць пра лячэнне і наведванне ўрача. Развіталася шчыра і проста, як з сяброўкай, і няспешна пакрочыла дадому.

— Дзявяты дзясятак жанчыне, а яна ўсё робіць сама, да дзяцей не едзе, — зазначае Іна Рамуальдаўна.

— Калі ласка, скажыце некалькі слоў пра тых, хто працуе побач, — прашу Антановіч.

— Мне вельмі пашанцавала, што трапіла ў такі добры калектыў, што побач працуюць шчырыя і спагадлівыя людзі. Гэта ў першую чаргу загадчыца амбулаторыі Ала Кудашова. Вопытны спецыяліст, добразычлівы чалавек, — расказвае суразмоўца. — Толькі добрае магу сказаць пра акушэрку Ганну Маліеўскую. Менавіта яна заўсёды падтрымлівала мяне ў цяжкія хвіліны. Напачатку працоўнай дзейнасці значна мне дапамагалі былыя работнікі амбулаторыі Данута Шчарбіна, Зоя Круплевіч.

Іна Рамуальдаўна імкнецца крочыць у нагу з часам. Шмат чытае спецыяльнай медыцынскай літаратуры, рэгулярна наведвае курсы павышэння кваліфікацыі.

— А інакш нельга. У медыцыне пастаянна ўкараняецца штосьці новае, прагрэсіўнае. Таму патрэбна быць, як кажуць, у курсе справы, — усміхаецца фельчар.

Час бяжыць вельмі хутка. Многае мяняецца і ў жыцці медыцынскіх работнікаў. Нязменнымі застаюцца толькі шчырыя словы ўдзячнасці ад пацыентаў за прафесіяналізм і бясцэнную дапамогу ў барацьбе за самае дарагое.

— Вялікі дзякуй нашаму фельчару за работу, якую яна праводзіць у амбулаторыі, — гаворыць жанчына, якую выпадкова сустрэў у Княгініне і пацікавіўся пра Іну Рамуальдаўну. — Яна ўважлівая да хворых, вельмі адказна ставіцца да вызначэння дыягназу, смела бярэцца дапамагаць таму, хто патрабуе неадкладнага лячэння. Моцнага ёй здароўя, поспехаў у рабоце, асабістага шчасця і дабрабыту.

Прыемна чуць такія добрыя водгукі пра работу вясковага медыка. Дарэчы, сёлета Іна Рамуальдаўна была запрошана на сход актыву па падвядзенні вынікаў работы галін народнай гаспадаркі Мядзельшчыны. Там ёй уручылі пасведчанне «Лепшы па прафесіі». Яе фотаздымак змешчаны на раённай Дошцы гонару.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: фельчар Княгінінскай амбулаторыі Іна Антановіч.

Фота Георгія Прысмакова.