Хуткая імчыць на дапамогу

461

У ЛІПЕНІ мінулага года адбылася рэарганізацыя службы хуткай медыцынскай дапамогі. Як адбілася гэта на абслугоўванні насельніцтва раёна? У якім рэжыме працуе названая служба сёння? Пра гэта і пра многае іншае можна даведацца з прапанаванай ніжэй
гутаркі з урачом (загадчыкам) Мядзельскага аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Алай ПАНЦЮХІНАЙ.

— З моманту рэарганізацыі служба хуткай медыцынскай дапамогі раёна падпарадкоўваецца дзяржаўнай установе аховы здароўя “Мінскі абласны цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі” і складаецца з Мядзельскага аддзялення і трох пастоў — Нарацкага, Свірскага і Крывіцкага.

— Ала Міхайлаўна, як вы лічыце, рэарганізацыя службы хуткай медыцынскай дапамогі стала крокам наперад альбо ўсё засталося па-ранейшаму?

— Цэнтралізацыя, на мой погляд, дазволіла нашай службе больш аператыўна выконваць пастаўленыя задачы і пастаянна знаходзіцца ў стане павышанай гатоўнасці да работы ў складаным рэжыме. Мядзельскаму аддзяленню хуткай медыцынскай дапамогі аказваецца з боку цэнтра неабходная вучэбна-метадычная падтрымка. Палепшыліся ўмовы работы фельчараў выязных брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. У прыватнасці, аўтатранспарт стаў адпавядаць сучасным нарматывам. УАЗы з тэрмінамі эксплуатацыі больш за дзесяць год змяніліся на машыны маркі
“ГАЗель” і “Пежо”. Палепшылася забяспечанасць службы хуткай медыцынскай дапамогі ўсімі неабходнымі матэрыяламі і лекавымі прэпаратамі, сродкамі індывідуальнай аховы. У бліжэйшай будучыні плануецца замена медыцынскага абсталявання. Пры неабходнасці транспарціроўкі цяжкіх пацыентаў мы можам праз Цэнтр экстраннай медыцынскай дапамогі прыцягваць рэанімацыйныя і ўрачэбныя брыгады з іншых устаноў аховы здароўя сталічнай вобласці.

— Хацелася б пачуць пра рэгламент работы хуткай медыцынскай дапамогі і, найперш, пра адведзены згодна з устаноўленымі нарматывамі час чакання выязной брыгады.

— Работа хуткай медыцынскай дапамогі будуецца ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2020 года №2 “Аб пытаннях арганізацыі дзейнасці службы хуткай медыцынскай дапамогі”. Згодна з гэтым дакументам, час чакання брыгад хуткай медыцынскай дапамогі на неадкладныя выклікі — да 75 хвілін у горадзе і 90 — у іншых населеных пунктах. На экстранныя выклікі час чакання хуткай не павінен перавышаць 20 хвілін у горадзе і 35 — у іншых населеных пунктах.

— Выклікі ёсць неадкладныя і экстранныя?

— Так, да неадкладных адносяцца выклікі па прычыне значнага павышэння артэрыяльнага ціску; алергіі; галаўным болі пры адсутнасці эфекту ад прыёму лекаў; боляў у жываце, спіне, грудной клетцы, канечнасцях; пры крывацёках; неадэкватных паводзінах; абмарожваннях; няўскладненых траўмах пры абмежаванні здольнасці да самастойнага перамяшчэння і некаторыя іншыя. Да экстранных — пры пажарах, надзвычайных сітуацыях, раптоўным змяненні рухальнай актыўнасці, страце прытомнасці, высыпцы з высокай тэмпературай у дзяцей, атручванні, павешанні, утапленні, значных апёках, глыбокіх ранах, вострых парушэннях дыхання, ДТП з пацярпелымі, электратраўмах, падзенні з вышыні, ускладненых траўмах, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця. Усе выклікі рэгіструюцца. Фельчар падчас тэлефоннай размовы, якая запісваецца, дакладна распытвае пра характар хваробы, сімптомы захворвання. Некаторыя выклікі, якія адносяцца да пераліку неадкладных, могуць перадавацца ў амбулаторна-паліклінічную службу Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы. І па іх прыязджае да пацыентаў урач агульнай практыкі альбо памочнік урача.

— Ала Міхайлаўна, як вядома, пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 2021 года ўнесены змяненні ў адпаведную пастанову ведамства №2 ад 4 студзеня 2020 года. Як гэты дакумент паўплываў на работу падраздзяленняў хуткай медыцынскай дапамогі нашага раёна?

— Названай пастановай падоўжыўся час чакання хуткай медыцынскай дапамогі па неадкладных выкліках, па экстранных усё засталося па-ранейшаму. Але падкрэслю, што змяненні датычаць толькі перыяду эпідэміялагічнага пад ёму захворвання. Дарэчы, па нашым раёне падобных выпадкаў падаўжэння часу чакання хуткай медыцынскай дапамогі не рэгістравалася.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Ад рэдакцыі: пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што днямі знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” узнагароджана ўрач (загадчык) Мядзельскага аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ала ПАНЦЮХІНА. Шчыра віншуем Алу Міхайлаўну з гэтай нагоды.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 27.03

 

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц