Грып

215

ГрыпКОЖНЫ чалавек на працягу жыцця не раз хварэў грыпам. З-за гэтага па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя мы ў суме страчваем 1 год жыцця. Гэты год мы праводзім у неактыўным стане, пакутуючы ад высокай тэмпературы, галаўнога болю і ўсяго комплексу сімптомаў вострага рэспіраторнага захворвання. У найбольш інтэнсіўныя эпідэміі хварэла да 3 тысяч чалавек. Дзеці да 15 гадоў складалі 45-50% захварэўшых. Эпідэміі грыпу паўтараюцца штогод, бо імунітэт пасля перанесенага захворвання непрацяглы і праз 5-8 месяцаў страчваецца.

Хвароба пачынаецца нечакана. Высокая тэмпература (39-40 градусаў), дрыжыкі, галаўны боль, галавакружэнне, млоснасць, страта апетыту. Тэмпература трымаецца 4-5 дзён. Асабліва цяжка грып працякае ў пажылых людзей і маленькіх дзяцей.Крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек. Мікробы праз драбнюткія кропелькі сліны і слізі распаўсюджваюцца навокал пры размове, кашлі, чханні, трапляюць у паветра, на бялізну, посуд.

Чалавек, які захварэў грыпам, павінен своечасова звярнуцца да ўрача, атрымаць бальнічны ліст і адпаведнае лячэнне. Дома хворага трэба ізаляваць у асобны пакой альбо адгарадзіць шторкай, забяспечыць яму пасцельны рэжым, выдзеліць асобны посуд, ручнік. Лячэнне павінна быць назначана толькі ўрачом. Самалячэнне небяспечна. Справа ў тым, што антыбіётыкі не ўздзейнічаюць на вірус, а шкоду могуць прынесці вялікую. Пры ігнараванні гэтых рэкамендацый павялічваецца рызыка магчымых ускладненняў пасля перанесенага захворвання. Па некалькі разоў на дзень трэба праветрываць пакой і рабіць вільготную ўборку са слабым растворам хлорутрымліваючых сродкаў ці з выкарыстаннем гаспадарчага мыла. Каб не заразіцца, неабходна даглядаць хворага ў чатырохслойнай марлевай масцы.

Захварэўшаму трэба пабольш піць вадкасці: чай з малінай, мёдам, ліпай, брусніцамі, кампоты, мінеральную ваду, есці стравы, якія лёгка засвойваюцца. Выключыць з меню тлустае, вострае, ужываць пабольш гародніны і фруктаў.

На перыяд эпідэміі забараняецца правядзенне масавых мерапрыемстваў. У гэты час работнікі лячэбна-прафілактычных арганізацый, гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, каб не захварэць, павінны працаваць у чатырохслойных марлевых масках.

Вельмі важнае значэнне маюць мерапрыемствы па папярэджанні захворвання. Пры прафілактыцы лекавымі сродкамі рэкамендуецца прымяненне антыгрыпіну, амантадзіну, рэмантадзіну, арбідолу, прэпаратаў, якія садзейнічаюць павышэнню імунітэту. Гэта, найперш, вітаміны (С, А і групы В, якія ўтрымліваюцца ў комплексах “Гексавіт”, “Рэвіт”, “Дэкамевіт”, “Ундэвіт”, сіропе з пладоў шыпшыны), а таксама экстракт элеўтэракоку, настойка араліі, настойка і экстракт жэньшэню. У апошні час вельмі папулярныя антыаксідантныя комплексы, якія ўтрымліваюць сутачную фізіялагічную норму вітамінаў. З народных сродкаў эфектыўныя цыбуля і часнок. Найбольш эканамічным і эфектыўным метадам прафілактыкі грыпу з’яўляецца вакцынапрафілактыка.

У перыяд эпідэміі неабходна пазбягаць вялікай колькасці людзей, не пераахалоджвацца, абыходзіць стрэсавыя сітуацыі і як мага больш гуляць на свежым паветры.

Н. КОРШУН.

Загадчык інфекцыйнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы.