Ход вакцынай: на Мядзельшчыне працягваецца вакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі

403

Першыя жадаючыя атрымалі прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі прэпаратам “Гам-КОВИД-ВАК” (іншая назва — “Спутник V”) вытворчасці Расійскай Федэрацыі. Наколькі эфектыўна праходзіць кампанія па вакцынацыі насельніцтва ў раёне, абмеркавалі ў панядзелак на нарадзе ў намесніка старшыні райвыканкама Іны Барыевай.

Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Генадзій Русак выказаў занепакоенасць, што тэмпы вакцынацыі ў нас пакуль нізкія. Ён звязвае гэта ў першую чаргу з тым, што людзі не ўсведамляюць усёй небяспекі, якую нясе каранавірусная інфекцыя, і асабліва яе наступствы.

— Трэба ведаць, што ўскладненні, якія дае каранавірус, могуць праявіць сябе і праз пару месяцаў, і праз паўгода, — падкрэсліў галоўны ўрач ЦРБ. — Вялікую нагрузку прымаюць сэрца і лёгкія. Што тычыцца легкіх, то пасля хваробы аб’ём тканак не застаецца першапачатковым. Пашкоджаныя ўчасткі закрывае злучальная тканка. Вакцынацыя ж значна змяншае рызыкі ўскладненняў і, канечне, заражэння.

Генадзій Русак паведаміў, што ў людзей, якія атрымалі прышчэпкі ў ЦРБ, сур’ёзных ускладненняў не назіралася. Пра гэта сведчыць хаця б той факт, што бальнічных лістоў з гэтай нагоды не выдавалася. Генадзій Аляксандравіч і сам добра перанёс вакцынацыю, самаадчуванне выдатнае і зараз, і тады было (у лютым. — Аўт.). Ён як медык лічыць, што іншага выйсця ў нас няма: ці мы вакцынуемся, ці хварэем з самымі непрадказальнымі наступствамі. Таму вакцынацыя — пэўнага роду выратаванне.

Прысутныя атрымалі кампетэнтныя адказы на самыя распаўсюджаныя зараз пытанні пра прышчэпкі. Напрыклад, галоўны ўрач развянчаў міф пра тое, што наяўнасць антыцел — нібы прычына не рабіць прышчэпку. Цяпер вядома, што вакцына і антыцелы працуюць па-рознаму. Нават у тэстах у прышчэпленых антыцелы не выяўляюцца. Таму вакцынавацца можна праз тры месяцы пасля перанясення каранавіруснай інфекцыі, не трэба адсочваць наяўнасць антыцел у крыві. Прышчэпкі паказаны з 18-ці год. Далейшых абмежаванняў па ўзросце няма. Супрацьпаказаннем можа быць толькі наяўнасць вострай інфекцыі ў час прышчэпкі і схільнасць да алергіі.

Працэдура вакцынацыі простая і хуткая: урач запаўняе невялікую анкету, потым вымярае пацыенту тэмпературу цела, узровень сатурацыі крыві. Пасля ін’екцыі ў плячо чалавек паўгадзіны застаецца пад назіраннем, а потым ідзе па сваіх справах.

Каля 20% людзей не адчуваюць наяўнасці інфекцыі і пры гэтым з’яўляюцца распаўсюджвальнікамі. Таму маскі і пальчаткі ў грамадскіх месцах ніхто не адмяняў. Прафілактыцы па-ранейшаму трэба надаваць максімальную ўвагу.

Іна ЯРЧАК.

А ты запісаўся на вакцынацыю? Гэта можна зрабіць па тэлефоне 24-3-89 ці ў рэгістратуры паліклінікі.

 

Фота Белта.