Дзе і на якіх умовах зрабіць аналіз на каранавірус на Мядзельшчыне?

632

ДЛЯ лабараторнай дыягностыкі COVID-19 выкарыстоўваюць два метады: ПЛР (палімеразная ланцуговая рэакцыя) і экспрэс-тэст на антыцелы (сералагічная дыягностыка). Пры метадзе ПЛР мазкі бяруць з носа і зева. Даследаванне праводзіцца на прадмет наяўнасці ўзбуджальніка хваробы.

А методыка вызначэння антыцел — гэта даследаванне рэакцыі арганізма на сутыкненне з патагенам, выяўленне спецыфічнага адказу арганізма на каранавірус. Для такога аналізу бярэцца кроў.

Каму бясплатна?

Як расказала загадчыца паліклінікі Мядзель­скай цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Пабядзінская, лабараторная дыягностыка па накіраванні медыцынскага работніка праводзіцца бясплатна. Аднаразоваму абследаванню на інфекцыю COVID-19 падлягаюць аднесеныя да кантактаў 1-га ўзроўню (а дзеці да 10-ці год — 1-га і 2-га ўзроўняў), у якіх маюцца сімптомы вострай рэспіраторнай інфекцыі. Выкарыстоўваецца метад ПЛР на сёмы або сералагічная дыягностыка — на дзявяты дзень ад апошняга кантакту з хворым. Кантактам 1-га ўзроўню, якія не маюць сімптомаў вострага рэспіраторнага захворвання, лабараторнае даследаванне не праводзяць, а назіранне за імі спыняецца на 10-я суткі ад даты апошняга кантакту з хворым. Пры цяжкім і сярэдняй цяжкасці працяканні хваробы мэтазгоднасць правя­дзення лабараторнага даследавання вызначае ўрач. Падставай для накіравання на аналіз могуць быць вынікі КТ ці рэнтгена грудной клеткі з тыповай карцінай паражэння лёг­кіх пры COVID-19 і пнеўманіі, выражаная клініч­ная карціна каранавіруса ці раней зробленыя ана­лізы са станоўчым вынікам, а таксама ўскладнены анамнез пацыента.

Калі за грошы, то дзе?

Ёсць жаданне зрабіць аналіз, а падставы атрымаць накіраванне на яго адсутнічаюць? Лабараторнае даследаванне можна зрабіць платна.

У Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы паслуга каштуе 19 рублёў 90 капеек. Гэта будзе экспрэс-тэст на антыцелы — кроў для яго возьмуць з вены. Плаціць трэба ў бухгалтэрыі — на сёмым паверсе паліклінікі. А возьмуць аналіз у кабінеце 514 на пятым паверсе. Прыходзіць трэба з 8:00 да 11:00 нашча. Пры сабе мець пашпарт. Вынік тэста будзе гатовы на працягу сутак, даведацца яго можна, прыйшоўшы з пашпартам да ўчастковага ўрача або ўрача-інфекцыяніста.

А што ў гэтым плане прапануюць здраўніцы? Цікавую нам паслугу адшукала толькі на сайце санаторыя “Спадарожнік”. Там гатовы на платнай аснове зрабіць тэст на наяўнасць у крыві антыцелаў. Кроў для аналізу возьмуць з вены. Паслуга даступная ўсім ахвотным, а не толькі тым, хто адпачывае ў “Спадарожніку”. Кошт — 23 рублі 81 капейка. “Можна прыходзіць нават без папярэдняга запісу, — расказала адміністратар Аксана Манешына. — Звяртацца трэба ў рэгістратуру платных медыцынскіх паслуг. Забор крыві ажыццяўляецца штодня, акрамя суботы і нядзелі, з 8:00 да 14:00 (перапынак з 12:00 да 12:30). Калі здасце аналіз да абеду, вынікі будуць ужо гадзін у
15-15:30. Калі пасля абеду — то назаўтра. Забіраць іх трэба асабіста, па электроннай пошце не высылаем”.

У аптэках прадаецца тэст для дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі. Ён дае магчымасць правесці аналіз самастойна. У камплект уваходзяць тэст-палоска, спіртавая сурвэтка, ланцэт (кроплю крыві трэба будзе ўзяць з пальца), буферны раствор і піпетка.

А таксама падрабязная інструкцыя, што і як рабіць. Вынік трэба ацэньваць праз 15 хвілін. Загадчыца Цэнтральнай раённай аптэкі № 131 РУП “Мінская Фармацыя” Алена Захарэвіч расказала, што такія тэсты ёсць ва ўсіх аптэках унітарнага прадпрыемства (і ў Свіры, і ў Нарачы, і ў Крывічах, а не толькі ў Мядзеле). Купляюць іх досыць актыўна. Каштуе тэст 29 рублёў 50 капеек.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота БЕЛТА