Старшыня Свірскага сельвыканкама Валянціна СУБАЧ: Змяненні прадыктаваны часам

56

Старшыня Свірскага сельвыканкама Валянціна СУБАЧ: Змяненні прадыктаваны часамЗМЯНЕННЕ Асноўнага Закона, па якім жылі амаль 28 год, своечасовае. За гэты час многае стала іншым: свет, грамадства і мы самі.

Тое, што раней было закладзена амаль на генетычным узроўні, сёння даводзіцца замацоўваць заканадаўча. Гэта я пра патрыятызм, нацыянальную самабытнасць, культурную спадчыну, сямейныя каштоўнасці. Што яшчэ раз пацвярджае: змяненне Асноўнага Закона прадыктавана часам.

Наша краіна застаецца прэзідэнцкай рэспублікай. Аднак з явіўся стабілізатар у адносінах паміж усімі галінамі ўлады ў выглядзе Усебеларускага народнага сходу. Грамадзяне маюць магчымасць удзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных пытанняў. Павялічаны тэрміны дэпутацкіх паўнамоцтваў. Устаноўлены адзіны дзень галасавання пры правядзенні выбараў.

Падчас сустрэч з пажылым насельніцтвам нярэдка адчуваю, што людзі баяцца страціць сацыяльныя гарантыі, якія маюць. Мяркуючы па праекце абноўленай Канстытуцыі, бачна, што іх трывогі беспадстаўныя. Усебаковая падтрымка і, найперш, тых катэгорый насельніцтва, якія маюць у гэтым асаблівую патрэбу, гарантавана і замацоўваецца на заканадаўчым узроўні.

У Асноўным Законе падкрэсліваецца асаблівая міралюбівая роля нашай краіны. У артыкуле 15 гаворыцца: “Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. А артыкулам 54 канкрэтна вызначана: “Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа з яўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”. На мой погляд, гэта вельмі дакладная фармулёўка.
Уразіў артыкул 45. Так, дзяржава, як і раней, гарантуе права грамадзян на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне, вызначаючы даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Разам з тым артыкул дапоўнены новым абзацам: “Грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні свайго здароўя”. Што, як мне здаецца, вельмі правільна і важна. Каласальныя сумы ў нашай краіне трацяцца на бясплатнае лекавае забеспячэнне, будаўніцтва новых бальніц і паліклінік, лячэнне пацыентаў. А мы гэтага не бачым і не цэнім. Навучыліся толькі добра крытыкаваць медыцынскіх работнікаў і метады лячэння. Абураемся чэргамі пад кабінетамі ў паліклініках, абмяркоўваем недахопы. А самі што робім, каб быць здаровымі? Па вялікім рахунку — нічога…

Лічу, што новая Канстытуцыя адпавядае патрабаванням часу. Яна ў поўнай меры забяспечвае далейшае развіццё краіны, мір і згоду сярод людзей. Аднак кожны і сам павінен праяўляць адказнасць і ўносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы.