За актыўную жыццёвую пазіцыю!

252

За актыўную жыццёвую пазіцыю!У РАЁНЕ створаны Маладзёжны парламент. Гэта калегіяльны кансультацыйны орган пры раённым Савеце дэпутатаў, дзейнасць якога арганізоўваецца на грамадскіх пачатках у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. На такі фармат работы з моладдзю ўскладваюцца надзеі як на найбольш эфектыўны ў плане садзейнічання сацыяльнай адаптацыі дзяцей і моладзі ў сучасным грамадстве, падрыхтоўкі іх да ўдзелу ў жыцці дзяржавы і грамадства, а таксама ўсведамлення сваёй ролі ў ім. Гэта дапаможа прыцягнуць моладзь да ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці раёна, фарміраваць і ўмацоўваць іх прававую і палітычную культуру, падтрымліваць стваральную грамадзянскую актыўнасць. Юныя дэпутаты змогуць выбраць важныя і перспектыўныя праекты і сумесна з прадстаўнікамі мясцовай улады вырашыць, як свае ідэі рэалізаваць у жыцці.

21 і 25 сакавіка на дзевятнаццаці выбарчых участках адбылося галасаванне, у якім прынялі ўдзел жыхары Мядзельшчыны ва ўзросце ад 12 да 31 года. Выбрана 35 чалавек. З іх 15 — вучні сельскіх і гарадскіх школ раёна. Выбары ў Маладзёжны парламент ва ўстановах адукацыі праходзілі актыўна і зладжана. Напрыклад, на выбарчым участку №5 ДУА «Гімназія-інтэрнат горада Мядзела» галасавалі 113 чалавек. Старшыня выбарчай камісіі, яна ж намеснік дырэктара ўстановы адукацыі па выхаваўчай рабоце Кацярына Крыштафовіч расказвае:

— Зарэгістравалі чатырох кандыдатаў. Гэта — Юлія Курцэвіч, Уладзімір Кавяка, Міхаіл Шалапа, Лізавета Карабейнік. Усе яны ў адпаведныя тэрміны вызначыліся з перадвыбарнымі праграмамі, агучылі іх на класных сходах, размясцілі на інфармацыйным стэндзе. Вучняў, унесеных успісы выбаршчыкаў, азнаёмілі з працэдурай галасавання, растлумачылі, што і як будзе адбывацца. Таму ўсё прайшло хутка, без лішняй мітусні. Кожны падыходзіў да сталоў, дзе сядзела камісія, ставіў свой подпіс у спісе выбаршчыкаў, атрымаўшы бюлетэнь, ішоў за шырму да століка для галасавання. Запоўненыя бюлетэні кідалі ў урну. Магу сказаць, што гімназістам спадабалася такое мерапрыемства. У нас дзеці актыўныя і цікаўныя. Вопыт удзелу ў выбарах будзе ім на карысць.

За актыўную жыццёвую пазіцыю!Цікавым лічыць такое мерапрыемства дзевяцікласнік Дзяніс Гушча, які прыйшоў на выбарчы ўчастак №6 ДУА “Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі”:

— Мне спадабалася, як усё арганізавана. Нават час для галасавання зручны — субота з дзесяці да дванаццаці гадзін. Прагаласаваў за чалавека, якога ведаю і якому давяраю.

У Мядзеле ў Доме культуры месціўся гарадскі выбарчы ўчастак №1, куды для галасавання прыходзіла моладзь з устаноў і арганізацый райцэнтра. У будынку Нарацкага сельвыканкама чакалі выбаршчыкаў, якія працуюць у здраўніцах і іншых мясцовых арганізацыях. Асобныя ўчасткі для галасавання былі створаны на УП “Ілаўскае” і ў НДЦ “Зубраня”.

У мінулую суботу адбыліся акружныя выбары. Напачатку прысутным паказалі відэафільм пра раён, у якім, напэўна, кожны ўбачыў і даведаўся пра невядомыя для сябе і цікавыя аспекты з жыцця нашага рэгіёну. Потым дэпутаты знаёміліся. Кожны расказаў пра сябе: якую арганізацыю прадстаўляе, якія мэты і задачы ставіць перад сабой. Шляхам адкрытага галасавання парламентарыі вызначыліся са сваёй структурай і выбралі кіраўніцтва. Такім чынам, старшынёй Маладзёжнага парламента стала Марына Апанасёнак, якая выконвае абавязкі першага сакратара раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Яна ж будзе прадстаўляць сінявокую Мядзельшчыну і ў абласной структуры. Намеснікам старшыні абрана Вольга Куцкевіч — медсястра санаторыя “Прыазёрны”, сакратаром — Таццяна Клямята, якая працуе бухгалтарам у РВУП “Мядзельская жыллёва-камунальная гаспадарка”. Дапамагаць старшыні ў рабоце са школьнікамі будзе Лізавета Карабейнік — вучаніца 10-га класа гімназіі-інтэрната г. Мядзела, а вырашаць пытанні з працоўнай моладдзю — Віталій Мілаш, майстар ДУП “Мядзельскае ПМС”.

— Моладзь трэба крыху падштурхнуць, — зазначыла Марына Апанасёнак, звяртаючыся да парламентарыяў. — А то многія засядзеліся каля камп’ютараў. Хачу, каб мы сваімі ідэямі, прапановамі, справамі славілі наш край, каб пра нас ведалі далёка за яго межамі. Разам мы зможам зрабіць наша жыццё больш насычаным і цікавым.

Актыўная жыццёвая пазіцыя і ў намесніка старшыні Маладзёжнага парламента Вольгі Куцкевіч:

— Я — мясцовая. Скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж, потым на базе атрыманай адукацыі завочна — аддзяленне сацыя-медыка-псіхалагічнай дзейнасці Віцебскага педінстытута. Пяць год адпрацавала ў раённай бальніцы ў рэанімацыі, зараз — у водалячэбніцы санаторыя “Прыазёрны”. Сутыкаюся з тым, што сярод моладзі шмат тых, хто бяспечна адносіцца да свайго здароўя, не разумее ўсёй сур’ёзнасці і адказнасці гэтага пытання. Здаровы лад жыцця павінен стаць нормай. А каму як не медыку гэта прапагандаваць?

На Віталія Мілаша ўвагу звярнулі яшчэ на выбарчым участку члены камісіі: ён арганізавана даставіў сюды выбаршчыкаў са сваёй арганізацыі, прагаласаваў сам. Па ўсім бачна, што зацікаўлены работай Маладзёжнага парламента і гатовы спрыяць актыўнай яго дзейнасці. Як расказаў сам Віталій, яго задача — папулярызацыя спорту сярод моладзі. Арганізацыя спартыўных, турыстычных мерапрыемстваў павінна зрабіць жыццё маладых людзей больш дынамічным і цікавым.

— Вельмі люблю спорт, яшчэ са школьнай пары, — расказвае Віталій, — заўсёды ўдзельнічаў у розных спаборніцтвах, мерапрыемствах. Шаную валейбол, футбол, баскетбол… У Мядзеле проста цудоўны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр! Як чалавек прыезджы, быў у захапленні ад яго на першым часе, з задавальненнем наведваю. Хачу, каб больш моладзі займалася спортам і гатовы паспрыяць гэтаму.

Іна ЯРЧАК.

На здымках: 1. Галасуе майстар ДУП «Мядзельскае ПМС» Віталій Мілаш; 2. Прадстаўнікі Маладзёжнага парламенту.