Таццяніна зорка

280

Таццяніна зоркаУ НАРОДЗЕ кажуць: “Калі нараджаецца чалавек, на небе загараецца зорка. Яна асвятляе яго шлях, пастаянна суправаджае па жыццёвай дарозе”. Калі з’явілася на свет Таня Жукавень, вячэрняе неба над Княгінінам, мяркую, таксама папоўнілася новай начной прыгажуняй, якая не развітваецца з ёй, вядзе наперад.

З маленства Таццяне падабалася чытаць. Менавіта любоў да кніг і вызначыла яе будучую прафесію. А таму пасля заканчэння Княгінінскай сярэдняй школы дзяўчына паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Гады вучобы праляцелі хутка. Нават не заўважыла Таня, як стала дыпламаваным спецыялістам. І размеркаванне атрымала на родную Мядзельшчыну, дзе яе чакала першае працоўнае месца — бібліятэкара аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі бібліятэчнага фонду цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Танка. Дарэчы, на гэтай адказнай пасадзе шчыруе дзяўчына і сёння. У яе абавязкі ўваходзіць вядзенне каталогаў, картатэк, кваліфікацыя паступіўшай літаратуры. Вялікую дапамогу аказвае спецыяліст і сельскім бібліятэчным установам.

— Работа бібліятэкара мне вельмі падабаецца, — кажа Таццяна Жукавень. — Яна цікавая і зусім ненадакучлівая. Вядома, няпроста было напачатку. Але з часам прыйшоў вопыт. Я вельмі ўдзячна за падтрымку і мудрыя парады загадчыку нашага аддзела Святлане Антонаўне Купрэвіч, бібліятэкарам Ганне Пятроўне Захарэвіч, Зінаідзе Паўлаўне Нарэйка, а таксама Валянціне Віктараўне Кандрашкінай, якая ўжо не працуе, знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Гэта яны дапамаглі ўнікнуць у тонкасці бібліятэчнай справы. А яшчэ і зразумець, што работа наша важная і патрэбная людзям. Не зважаючы на з’яўленне і імклівае распаўсюджанне інтэрнэту, кнігі былі і застаюцца галоўнай крыніцай не толькі інфармацыі, але і духоўнага ўзбагачэння чалавека. Чытанне кніг развівае памяць, павышае кругагляд. Праўда, зараз не ўсе гэта разумеюць, а шкада.

Ад Таццяніных калег па працы даведалася, што яна — добрасумленны і адказны работнік, шчыры, неабыякавы чалавек. Што яе, не зважаючы на маладосць, паважаюць у калектыве. Таня стараецца ісці ў нагу з часам. А таму асвойвае камп’ютарныя тэхналогіі. Цікавыя калажы, прэзентацыі яна рыхтуе да адметных дат у жыцці супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Танка, дзе шчыруе. А яшчэ дзяўчына — актыўная ўдзельніца большасці раённых мерапрыемстваў. Яна з хлебам-соллю часценька і адметных гасцей сінявокага краю вітае, і розныя дэлегацыі, якія прыязджаюць на Мядзельшчыну, сустракае. Без яе не абыходзяцца “капуснікі”, многія святы, іншыя мерапрыемствы.

Таццяна — рознабаковы чалавек. У яе шмат захапленняў. Калі выдаецца вольная хвілінка, дзяўчына стараецца паспрабаваць сябе ў многіх відах народнай творчасці. Нядаўна асвоіла дэкупаж, скрапбукі. Ёсць у яе работа па фларыстыцы. А яшчэ Таццяна заахвоцілася вышываннем крыжыкам і спрабуе нават вышыць свой партрэт.

Вось такая яна — наша сучасніца Таццяна Жукавень. Як і ўсе мы, радуецца поспехам, засмучаецца, калі што складваецца не так, як хацелася б. І, вядома ж, марыць, што і надалей яе зорка будзе зіхацець яркім святлом на жыццёвым небасхіле, а кожны наступны дзень стане святлейшым за папярэдні.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Таццяна Жукавень.

Фота Георгія Прысмакова.