Пра геаграфію, біялогію і Зорныя паходы

273

Пра геаграфію, біялогію і Зорныя паходыПАСЛЯ заканчэння Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Рыгору Хіла трэба адпрацаваць у школе пяць гадоў. Але гэты факт ніколькі не засмучае маладога настаўніка. Наадварот. За час вучобы ў ВНУ, практыкі і амаль года працы ў Сваткаўскай сярэдняй школе імя Максіма Танка Рыгор Канстанцінавіч прыходзіць да высновы, што накірунак у жыцці выбраны правільна. Яшчэ падчас вучобы ў школе заўважыў схільнасць да гуманітарных навук. Потым зразумеў, што больш за іншыя прадметы яго цікавіць геаграфія, і пачаў мэтанакіравана ёй займацца. Гэта было ў дзявятым класе гімназіі-інтэрната г. Мядзела. Вынікам яго намаганняў стала перамога ў раённай алімпіядзе па гэтай дысцыпліне. Накіроўвала і дапамагала ў вывучэнні геаграфіі настаўніца Раіса Фёдараўна Місуна, якой хлопец шчыра ўдзячны і зараз. Ведаў хапіла і для паступлення ў ВНУ.

Гады вучобы ва ўніверсітэце праляцелі хутка, вельмі актыўна і цікава. З задавальненнем учарашні студэнт дзеліцца ўспамінамі:

— Акрамя вучобы, актыўна ўдзельнічаў усе пяць год у гульнях “Клуба вясёлых і знаходлівых”, у спартыўных і іншых мерапрыемствах. Ва ўніверсітэце вельмі насычанае на розныя па­дзеі жыццё. Таму пры жаданні можна сябе рэалізоўваць не толькі ў вучобе. Я, напрыклад, яшчэ ўдзельнічаў кожны год у Зорных паходах. Са студэнтамі розных факультэтаў ездзілі з канцэртамі па школах краіны. Нехта спяваў, нехта чытаў вершы ці танцаваў, іншыя  — адказвалі за нумары КВЗ і так далей. Дзесяць факультэтаў разбіваліся на пяць каманд і адпраўляліся ў шлях. Асабіста я пабываў у Крупках, Слуцку, Клецку, Вілейцы і Салігорску. Вельмі цікавы вопыт! Акрамя гэтага, працаваў у дзіцячых летніках “Барок” і “Палачанка” ў Валожынскім раёне, што таксама шмат дало для прафесіі.

У жніўні мінулага года Рыгора Канстанцінавіча як маладога спецыяліста сустракалі ў школе ў Сватках. Да ўрокаў геаграфіі і біялогіі дадалі класнае кіраўніцтва ў пятым класе, а даведаўшыся пра яго рознабаковыя інтарэсы, даручылі падрыхтаваць школьную каманду для гульні “КВЗ”. У выніку сваткаўскія вучні ў гэтым го­дзе годна сябе паказалі на раёне.

Самае складанае для маладога настаўніка, па яго словах, — праца з дакументацыяй. Тут без дапамогі вопытных калег не абыс­ціся. І яны яму ў гэтым не адмаўляюць. Ці справа тычыцца папер, ці навучальнага працэсу — заўсёды параяць, падкажуць, падтрымаюць. Таму Рыгор Канстанцінавіч кажа, што з калектывам яму пашанцавала.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Аркадзьеўна Рудачэнка таксама задаволена маладым папаўненнем:

— Рыгор Канстанцінавіч чалавек вельмі творчы, — зазначае яна. — Мы назіралі, як ён рыхтаваў дзяцей да КВЗ. Сам напісаў сцэнарый, праводзіў рэпетыцыі, ставіў танцавальныя нумары. І як настаўнік-прадметнік ён мае творчы падыход, выкарыстоўвае нестандартныя метады, інавацыі. Вучні з задавальненнем наведваюць яго інтэлектуальны гурток, а таксама спартыўны па суботах у фіз­куль­тур­на-аздараўленчым цэнтры “Мя­дзел”, куды мы іх возім. Са свайго боку стараемся пад­трымліваць Рыгора Канстанцінавіча, каб не расчараваўся ў прафесіі, каб захаваўся ў яго пазітыўны падыход да справы. Дзеці таксама вельмі добра ўспрымаюць маладога педагога і бачаць у ім не толькі чалавека, блізкага па ўзросце, але і асобу настаўніка.

У маі малады спецыяліст вымушаны будзе зрабіць перапынак у педагагічнай дзейнасці: яго на год прызываюць на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Але ён ведае, што, акрамя родных і сяброў, яго чакаць будуць і тут, у Сваткаўскай школе.

Іна ЯРЧАК.

На здымку: настаўнік геаграфіі і біялогіі Сваткаўскай СШ імя Максіма Танка Рыгор Хіла.

Фота Георгія Прысмакова.