ДАРАГІ дзядуля!

Можа, табе не давядзецца прачытаць гэты ліст. Мне ж не дадзена ведаць, дзе там, на нябёсах, знаходзіцца твая душа і ці ёсць на тым свеце лісты. Але ўсё ж дасылаю табе яго ў думках, і тым самым вымушаю працаваць уяўленне, якое, як ты любіў казаць, не ведае межаў.

У маім розуме ўзнікае вобраз: ты сядзіш на лавачцы пад нашай старой грушай-дзічкай. У поглядзе, поўным пяшчоты, угадваецца нецярпенне. Чакаеш, калі ж завяду размову. Я стараюся гаварыць павольна, выразна вымаўляючы словы. З гадамі твой слых прытупіўся, а цела аслабела.

Успамінаю доўгія прагулкі па лесе, калі ад холаду ў нас чырванелі вушы, але мы не звярталі на гэта ўвагі… Вечары, калі, седзячы ля майго ложка, ты расказваў казкі пра чараўнікоў і разбойнікаў, піратаў і волатаў, добрых і злых духаў. І гэтыя казкі паслужылі спрыяльнай глебай для маіх летуценняў, сталі талісманам, які надзейна ахоў¬вае мяне ад нягод.

Дзякуй табе за тое, што вучыў мяне жыць, перадаваў свой вопыт, які прыходзіць толькі з гадамі. У тваіх парадах было столькі ж мудрасці, колькі яе ўтойваецца ў вялізных тамах энцыклапедый у кніжнай шафе.

Ты навучыў мяне любіць і берагчы прыроду. Патаемна ад усіх мы праводзілі цудоўныя гадзіны на рыбалцы. З задавальненнем я слухаў пацешныя гісторыі, якія калі-небудзь збяру ў кнізе, прысвечанай тваёй памяці. Нягледзячы на тое, што да канца дня ў вёдрах не было ніводнай рыбінкі, мы вярталіся дахаты.

Ты быў верным сябрам, з якім я мог падзяліцца сваімі сакрэтамі. Твае словы ўздзейнічалі на мяне, як лекі: пазбаўлялі ад пакуты і загойвалі душэўныя раны. Ты дажыў да старэчай сівізны, не перастаючы па-добраму і з разуменнем ставіцца да лю¬дзей, і менавіта таму заўсёды заставаўся малады.

Удзячны табе за тое, што ты навучыў мяне захапляцца іншымі, а не зайздросціць ім, віншаваць пераможцу і не адмаўляцца ад думкі калі-небудзь самому адчуць салодкі пах перамогі. Ты растлумачыў, як дзіўна могуць паводзіць сябе дарослыя, адвёў ад мяне пагрозу лёгка «захварэць» іх ідэя-мі, заснаванымі на прадузятасці.

Падчас гульні са мною ты рабіўся такім жа хлопчыкам, як і я, а пасля, калі я падрос, ты падзяляў мае турботы. Дзякую за тое, што ўціхамірваў мой хлапечы запал і, нібы рыцар, аднаўляў справядлівасць, калі я памыляўся.

Ты быў вельмі дарагім і блізкім мне чалавекам, анёлам-ахоўнікам, голасам майго сумлення. Ты, нібы самая магутная лямпа, выпраменьваў святло і цеплыню. Дзякуй табе за тое, што раскрыў мне сапраўдны сэнс такіх слоў, як “любоў”, “мужнасць” і “спачуванне”.

Дзядуля, ты назаўсёды застанешся ў маім сэрцы. Бацька, якому дасталіся ад цябе ў спадчыну ўсе станоўчыя рысы, кажа: «Пакуль буду помніць пра цябе, ты будзеш заставацца для мяне жывым».

Таму мне хочацца скончыць гэты ліст не словам «бывай» ці якой-небудзь напышлівай фразай, накшталт тых, якія прынята ўжываць ў канцы афіцыйных лістоў, а шчыра і з любоўю сказаць табе: «Да сустрэчы!»

Яўген ЗВЯРУГА, вучань 10 класа Сваткаўскага ВПК.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых інтэрнэт-крыніц