“Квітней, Беларусь!”

215

“Квітней, Беларусь!”Акцыя пад такой назвай была прымеркавана да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і праводзілася на пляцоўцы каля ГДК па ініцыятыве райкама грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Удзел у ёй прынялі старшакласнікі ўстаноў адукацыі сінявокай Мядзельшчыны.

Вядучыя мерапрыемства — Марына Апанасёнак і Уладзіслава Коршун — пачалі расповед пра значэнне сімволікі ў жыцці дзяржаў, арганізацый, аб’яднанняў людзей. Сапраўды, у кожнай краіне да яе ставяцца з пашанай. Мы таксама павінны ведаць і паважаць дзяржаўныя сімвалы нашай сінявокай Беларусі  — герб, сцяг, гімн. І не толькі ведаць, але і ганарыцца імі. У тым ліку і маладое пакаленне — будучыня краіны. Менавіта яно абавязана зрабіць нашу рэспубліку яшчэ больш прыгожай і заможнай.Невыпадкова да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь быў прымеркаваны ўрачысты прыём у шэрагі самай масавай маладзёжнай арганізацыі старшакласнікаў школ раёна. З вітальным словам да юнакоў і дзяўчат звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна заклікала іх быць дастойнымі грамадзянамі Беларусі, прадаўжальнікамі справы прадзедаў і дзядоў, цаной сваіх жыццяў здабыўшых мір, свабоду і незалежнасць Айчыны. А яшчэ з гонарам несці ў сваіх сэрцах званне члена “БРСМ”.  Прадстаўніца раённай вертыкалі  разам з галоўным спецыялістам па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама, першым сакратаром раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Аленай Яцына ўручылі школьнікам  азёрнага краю білеты і значкі “БРСМ”. Алена Канстанцінаўна таксама звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства з віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі.

Мерапрыемства закончылася, але яно, як мне здаецца, запомніцца юнакам і дзяўчатам надоўга. Як і тое, што яны — гаспадары гэтай зямлі, яе сыны і дочкі, якія абавязаны паклапаціцца, каб не згасла жыццё. Каб наша любая Айчына, якую мы ласкава называем краінай пад белымі крыламі, квітнела і багацела. Каб і сённяшнія, і будучыя пакаленні былі патрыётамі сваёй Радзімы і па праву ёй ганарыліся.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: удзельнікі акцыі “Квітней, Беларусь!”.

Фота Георгія Прысмакова.